Параўналі цэны на аўтамабілі беларускай і расійскай вытворчасці ў Беларусі і Расіі. Розніца вас здзівіць
Марка Lada займае другую пазіцыю па аб’ёме продажаў новых аўтамабіляў у Беларусі. Расійскія машыны саступаюць па папулярнасці толькі беларуска-кітайскім Geely/Belgee. Паглядзелі, у якой краіне гэтыя аўто прадаюцца танней.
Аўтамабілі «Белджы». Фота: belgee.by
Беларусь vs Расія
Па выніках першага квартала 2025 маркі Belgee/Geely занялі 42% рынку новых аўто ў Беларусі, а на долю Lada прыйшлося 33% продажаў.
Цэны на расійскія Lada ў Беларусі пачынаюцца з 33 700 рублёў (каля $11 200) за седан «Лада Гранта» ў базавай камплектацыі на стальных дысках.
Скрыншот: minsk-lada.by
У Расіі цэны на аўто ў аналагічнай камплектацыі стартуюць з 1,05 мільёна расійскіх рублёў (каля $12 700).
Скрыншот: avtogermes.lada.ru
Розніца складае каля $1500. Атрымліваецца, што расійская машына ў Беларусі прадаецца танней, чым у Расіі.
Тое самае і з Lada Vesta, на якую летась прыйшоўся 51% продажаў «Лады» ў Беларусі. Калі ў дылераў у Мінску цэны на седан у камплектацыі «камфорт» пачынаюцца з 46 090 рублёў (каля $15 300), то аналагічны аўтамабіль у Маскве прадаецца за 1,5 мільёна расійскіх рублёў (каля $18 600). Розніца ў цане складае больш за 20%.
А што з цэнамі на Geely/Belgee?
У Беларусі красовер Belgee x50 даступны па цане ад 66 000 рублёў (каля $22 000).
Цэны на Belgee x50 у Беларусі. Скрыншот: geely-minsk.by
У Расіі беларуска-кітайскія красоверы прадаюць па цэнах ад 1,97 мільёна расійскіх рублёў, што каля 24 тысяч даляраў. То-бок на $2000 ці каля 10% даражэй, чым у Беларусі.
Цана на Belgee x50 у Маскве. Скрыншот: avtomir.ru
Як такое магчыма?
Паводле слоў віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага аўтамабільнага саюза Расіі Яна Хайцэра, аўтамабілі Lada ў Беларусі каштуюць танней, чым у Расіі, праз тое, што наш рынак значна больш канкурэнтны, чым расійскі. «АўтаВАЗу» даводзіцца ісці на значныя саступкі, каб прыцягнуць пакупнікоў.
«Для «АўтаВАЗа» беларускі пакупнік — вельмі важны кліент, і кампанія змагаецца за сваё месца на рынку. Розніца адчувальная: яна можа дасягаць 300—400 тысяч расійскіх рублёў ($3400-$4500 — НН)», — удакладняў эксперт.
Сярод іншых прычын таксама называюць 140-ы ўказ, які дазваляе прывозіць у Беларусь аўтамабілі з трэціх краін, заплаціўшы мыта з 50% зніжкай, а таксама розніцу ў налічэнні ўтылізацыйнага збору. Іншымі словамі, патрыманы VW Passat, які можна прывезці з Еўропы, таксама стварае дадатковую канкурэнцыю прадаўцам новых машын. На расійскім рынку сітуацыя крыху іншая — у тамтэйшых дылераў няма такіх рынкавых рычагоў для стрымлівання цэн.
Дык расіянам выгадна ехаць у Беларусь па новыя аўто?
На першы погляд — так. І сапраўды, расіяне могуць набываць новыя аўтамабілі ў Беларусі. Праўда, паставіць іх на ўлік у Расіі без дадатковых выдаткаў не атрымаецца з-за розных патрабаванняў.
А калі расійскі пакупнік выканае ўсе ўмовы для рэгістрацыі на радзіме, эканомія амаль знікне.
Такім чынам, новыя машыны ў беларускіх дылераў хоць і каштуюць танней, але дэ-факта прызначаныя толькі для мясцовых пакупнікоў.
Чытайце таксама:
У Беларусі другі месяц запар падаюць продажы новых аўто. Чаму так адбываецца