«Чыстая выпадковасць»: геній іранскага кіно зняў фільм пра былых палітзняволеных, якія атрымалі магчымасць адпомсціць
Што рабіць з людзьмі, якія катавалі, здзекаваліся, прыніжалі? Ці ёсць права на помсту? Гэтыя пытанні ўздымае прэм'ера палітычнага трылера іранскага рэжысёра Джафара Панахі, што адбылася на Канскім кінафестывалі.
Кадр з фільма Джафара Панахі «Чыстая выпадковасць» (It Was Just an Accident), 2025
Джафар Панахі — адзін з самых вядомых іранскіх рэжысёраў, чыя біяграфія стала сімвалам барацьбы за свабоду творчасці. Яго фільмы неаднаразова забаранялі ў Іране, а самога яго ў 2010 годзе арыштавалі і асудзілі да турэмнага зняволення. Яму таксама на 20 гадоў забаранілі здымаць кіно, выязджаць з краіны і даваць інтэрв’ю. Тым не менш, ён працягваў працаваць у падпольных умовах. Адзін з сваіх самых знакамітых фільмаў, «Таксі», ён, каб абысці забарону на здымкі камерай, зняў на відэарэгістратар аўтамабіля.
Панахі — лаўрэат галоўных узнагарод вядучых сусветных кінафестываляў. Яго дэбютны поўнаметражны фільм «Белы шар» (1995) атрымаў «Залатую камеру» на Канскім фестывалі.
У 1997 годзе фільм «Люстэрка» адзначаны прызам «Залаты леапард» у Лакарна.
У 2000 годзе стужка «Кола» заваявала «Залатога льва» на Венецыянскім фестывалі.
А фільм «Таксі» ў 2015 годзе атрымала «Залаты мядзведзь» Берлінале. Гэта быў фільм аўтабіяграфічны, у ім рэжысёр выступае ў ролі таксіста і вядзе гутаркі з пасажырамі.
Джафар Панахі на 78-м Канскім фестывалі. 20 мая 2025 года. Sylvain Lefevre / Getty Images
Свой новы фільм — «Чыстая выпадковасць» — у Канах Панахі прэзентаваў асабіста — упершыню з 2010 года.
Паводле слоў кінакрытыка Антона Доліна, «Чыстая выпадковасць» — «у палітычным сэнсе яшчэ і самая правакацыйная, адкрытая і глыбокая карціна Панахі».
Пра што фільм
Увечары па пустыннай дарозе едзе аўтамабіль: бацька, цяжарная маці, маленькая дачка. На момант пераключыўшы ўвагу з дарогі на магнітолу, мужчына збівае сабаку. Дзяўчынка ў шоку, бацька нервуецца. Машына раптам глохне, і кіроўца вымушаны звярнуцца па дапамогу да выпадковага аўтамеханіка.
У гэты момант з'яўляецца іншы персанаж — Вахід. Ён уважліва глядзіць на бацьку сямейства, запамінае яго твар і нумар машыны.
На наступны дзень кіроўца машыны (Экбаль) аказваецца выкрадзеным і звязаным у фургоне. Пазней гледачы даведаюцца прычыну. Вахід — былы палітвязень, які перажыў у турме катаванні, а пасля яе — самазабойства каханай і страту працы. Ён упэўнены, што Экбаль — той самы афіцэр спецслужбаў з мянушкай Калека, які здзекаваўся з вязняў і выбіваў прызнанні. У Вахіда адбітыя ныркі, ён ходзіць з цяжкасцю. Экбаля ён пазнаў па скрыпе пратэза: той страціў нагу падчас вайны ў Сірыі.
Вахід прывозіць выкрадзенага ў пустыню і пачынае капаць яму магілу. Але той крычаць, што гэта памылка, што ён не той, за каго Вахід яго прымае.
Сумнеў — ключавы элемент фільма. Былы палітзняволены пачынае думаць: ці сапраўды ён пазнаў ката? Ці гнеў і боль не зацямнілі яму змыслаў?
Каб пацвердзіць асобу палоннага, Вахід звяртаецца да іншых, хто выжыў, — былых ахвяр: фотажурналісткі, лекара, кнігара. Ва ўсіх іх у памяці застаўся боль, але ніхто не бачыў твару ката — на іх былі павязкі. Цяпер павязка — сімвалічна — апынаецца на вачах у палоннага.
У імправізаваным лагеры ў пустыні разгортваецца абмеркаванне: што рабіць з чалавекам, які, магчыма, і ёсць той самы Калека?
Долін адзначае: «Панахі — гуманіст, які цураецца любой павучальнасці, уцякае ад маніфестаў і лозунгаў. Вечную праблему адказу на гвалт — становішся ці ты сам злом, калі змагаешся з ім яго метадамі? — ён пераносіць у выключна практычную плоскасць, абыходзячыся без пампезнасці і маралізатарства. Надзеі на адкрыты фінал няма».
Структура фільма закальцаваная: гісторыя пачынаецца і заканчваецца ў адным месцы, праз суткі. Усё нібыта патрабуе, каб героі паставілі кропку — але ці змогуць яны?
Рэжыссёр Джафар Панахі (у цэнтры) разам з жонкай (справа) і дачкой (злева) а таксама асноўнымі акцёрамі фільма «Чыстая выпадковасць» на чырвонай дарожцы Канскага фестывалю. 20 мая 2025 года. Фота: Andreas Rentz / Getty Images
Чаму гэты фільм важны для беларусаў
«Чыстая выпадковасць» гучыць як прамы зварот да беларускай траўмы 2020 года. За апошнія гады тысячы беларусаў прайшлі праз камеры і катаванні, сотні былі пакалечаныя, некаторыя загінулі ў зняволенні. Але галоўнае — мы ведаем тых, хто катаваў. Іхнія прозвішчы, фота, пасады — вядомыя дзякуючы расследаванням і публікацыям.
Пытанні, якія Панахі ставіць у фільме, — гэта пытанні, што ўзнікаюць у многіх беларусаў: што рабіць, калі ты сустрэнеш таго, хто цябе збіваў? Ці можа помста стаць формай справядлівасці — ці толькі памножыць зло? Ці здольны ты дараваць? А ці патрэбна гэта?
Панахі не маралізуе, але робіць галоўнае: паказвае, як цяжка заставацца чалавекам у нечалавечых абставінах. І наколькі небяспечная мяжа паміж справядлівасцю і помстай.
Чытайце таксама:
Канскі кінафестываль распачнецца з трох фільмаў пра вайну ва Украіне
«Два пракуроры» Лазніцы — гэта чысты Кафка
У беларускіх кінатэатрах круцяць фільм пра вайну, ад якога заплакаў Пуцін. Што гэта за кіно?