БЕЛ Ł РУС

«Грузія закрываецца». Гутарка з беларусам, які пасля візарану захрас у Арменіі

22.05.2025 / 8:12

Nashaniva.com

Беларускага актывіста і блогера Змітра Грынкевіча на пачатку мая не ўпусцілі ў Грузію пасля візарану. Цяпер мужчына застаецца ў Ерэване, думае, што рабіць далей. Зміцер распавёў «Белсату» пра сваю сітуацыю, дзве розныя Грузіі (2021—2022 гадоў і сённяшнюю), а таксама пра тое, чым грузіны адрозніваюцца ад армянаў і чаму ўсім беларусам, якія застаюцца ў Грузіі, трэба мець план Б.

«Папрасілі пастаяць убаку — гэта быў першы званок»

Зміцер ужо каля двух тыдняў жыве ў хостэле ў Ерэване — спрабуе зразумець, куды рухацца далей, ды знаёміцца з новай для яго краінай. Найперш беларус высвятляе, ці ўдасца зрабіць візу ў Польшчу. Калі не, тады застанецца толькі падавацца на міжнародную абарону ў Арменіі.

«Я на сувязі з армянскімі праваабаронцамі, яны нібыта гатовыя мне дапамагаць. Паглядзім, як будзе, — кажа Зміцер. — Пакуль не ведаю, як тут з польскімі візамі. У Грузіі гэта вельмі балючая тэма для беларусаў, там нават з моцнымі кейсамі людзі не заўсёды маглі атрымаць гуманітарныя візы. Як тут — пабачым».

Беларусы могуць заставацца ў Арменіі без візы і патрэбы ў легалізацыі 180 дзён цягам 12 месяцаў. Жыць тут, як у Грузіі, і выязджаць на візаран на пару гадзін не выйдзе. Таму ў Змітра ёсць толькі паўгода, каб вызначыць — заставацца і легалізоўвацца ці з’язджаць.

З Грузіі на «абнуленне» Зміцер выязджаў ужо другі раз за два гады жыцця ў Батумі і адчуваў, што яго могуць не ўпусціць назад. Цяпер, калі прайшло ўжо крыху часу, блогер кажа, што можа спакойна і з халоднай галавой пра ўсё распавядаць і аналізаваць:

«Мы з сябрам паехалі на візаран 8 мая. Я рыхтаваўся. Паводле парадаў беларускай юрысткі, якая раней жыла ў Батумі, а цяпер у Польшчы, узяў з сабой дакументы, каб даказаць, што ў мяне ІП у Грузіі. Аднак ужо на выездзе ўзніклі пытанні. Сябра прапусцілі адразу, а мяне папрасілі пастаяць убаку. Іншых людзей у гэты час прапускалі. Гэта быў першы званок».

«Вам адмоўлена ва ўездзе ў Грузію»

На армянскім баку ў Змітра спыталі, ці ён «на круг», то бок на візаран, «чыста фармальна» паглядзелі заплечнік, паставілі пячаткі і адпусцілі. Зміцер пайшоў назад на грузінскі КПП. Там яго чакаў сябар, які прайшоў усё раней.

На зваротным шляху грузіны запыталіся ў сябра блогера, чаму ў яго няма ДНЖ, але прапусцілі. Нашага ж суразмоўцу зноў папрасілі пачакаць убаку.

«Стаяў я так паўтары гадзіны. Ніхто нічога не тлумачыў. На ўсе мае спробы спытаць, што і як, супрацоўніца казала: «Я сама не ведаю, чакаю адказу, што там пра вас». Я захацеў у прыбіральню, давялося патрабаваць, каб мяне пусцілі. У выніку мяне павялі пад канвоем. Потым далі мне фатэль. Агулам, усе былі ветлівыя і культурныя. Праз некаторы час выскачыў памежнік, адвёў мяне ўбок, паказаў, што ідзе запіс, і сказаў, што мне адмоўлена ва ўездзе ў Грузію. На ўсе мае пытанні адказваў, што нічога не можа растлумачыць, а ўся інфармацыя ёсць на паперы, што мне далі, і на сайце».

Ерэван. Фота: Змітра Грынкевіча

Беларускія праваабаронцы, з якімі Зміцер адразу звязаўся, раілі яму паспрабаваць яшчэ раз прайсці мяжу праз некаторы час, аднак мужчына не бачыў у гэтым сэнсу, і паехаў у Ерэван. Калі прыехаў, пачаў вывучаць паперу, што яму далі, пераклаў яе праз «ChatGPT».

«Аказалася, грузіны матывавалі няпропуск мяне тым, што я нібыта падаў не ўсе дакументы. Але якія менавіта — не ўдакладняецца. А з таго, што я ведаю, паводле грузінскага заканадаўства, для перасячэння мяжы дастаткова толькі пашпарта», — кажа Зміцер.

«Я б параіў беларусам у Грузіі думаць пра запасныя варыянты»

Чаму яго не пусцілі ў краіну пасля двух гадоў жыцця ў ёй, Зміцер можа толькі здагадвацца. Кажа, што прычына наўрад ці ў палітыцы, бо ў грузінскіх пратэстах ён не ўдзельнічаў. Так, прыходзіў, фатаграфаваў мітынгі і здымаў на відэа для свайго блогу, але не быў удзельнікам, не выкрыкваў лозунгаў. Як імаверную прычыну, што магла б паўплываць на пастанову грузінскіх уладаў, беларус згадвае свае нешматлікія сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух», якую «вельмі не любіць кіроўная «Грузінская мара».

Акрамя таго, блогер арганізоўваў акцыю на 9 жніўня летась (разам з украінцамі) і сёлетні Дзень Волі ў Батумі.

«Не думаю, што гэта магло зачапіць улады. Хоць дакладна я ж не ведаю», — зазначае мужчына.

У Батумі ў Змітра застаўся тавар, якім ён гандляваў як ІП: кнігі, рэчы з беларускай і ўкраінскай сімволікай. Што з імі будзе — мужчына пакуль не ведае.

Ну думку Змітра, яшчэ шмат беларусаў рызыкуе апынуцца на ягоным месцы, а большасці цягам года-паўтара давядзецца з’язджаць з Грузіі.

«Прымаецца цэлы пакет дакументаў адносна замежнікаў. І калі раней у іх не было механізму, як да моманту візарану выдвараць з краіны замежнікаў, то цяпер у парламенце ляжыць закон, у якім прапісаная куча прычынаў для гэтага, уключаючы абразу прадстаўніка ўлады. А мы, беларусы, ведаем, што пры жаданні за абразу можна прыняць што заўгодна. Таму я б параіў усім беларусам, а таксама ўкраінцам ужо цяпер думаць пра запасныя варыянты. Актыўным — у першую чаргу, але менш заўважным таксама. Бо Грузія закрываецца, на мой погляд», — кажа беларус.

«Пастанавіў быць дома, пакуль у дзверы не пагрукаюць»

Па словах Змітра, украінцаў Грузія таксама часта не ўпускае: толькі за гэтую вясну беларус ведае пяць такіх выпадкаў.

«Грузія 2021—2022 гадоў, калі туды ехалі беларусы, і сённяшняя — гэта дзве розныя краіны. Хоць знешне не скажаш, каб гэта непасрэдна ў вочы кідалася. Але калі крыху цікавішся, што адбываецца, то гэта ўсё бачна, — кажа наш суразмоўца. — А яшчэ тут цяпер вельмі шмат расейцаў, і яны нахабныя. На Дні незалежнасці Украіны ў 2024 годзе адзін расеец прычапіўся да мяне і пры ўсіх сказаў, што зловіць мяне і абрэжа мне вушы. Настолькі смела яны там пачуваюцца, у той час як беларусаў і ўкраінцаў Грузія выціскае».

Пра тое, што сітуацыя ў Грузіі змяняецца, на думку Змітра, сведчыць і тое, што заціхлі ўкраінскія і беларускія акцыі:

«Раней на плошчы Еўропы ў Батумі штодня праходзілі акцыі ўкраінцаў са сцягамі, плакатамі. Там і наш гімн штодня гучаў. А пасля выбараў у парламент яшчэ былі адна-дзве акцыі, і з таго часу больш нічога ўкраінскага на плошчы Еўропы не адбываецца. І нашага таксама, бо мы шмат акцый ладзілі разам».

Гэтак жа як з Грузіі, Зміцер Грынкевіч некалі не хацеў з’язджаць з родных Ганцавічаў і Беларусі. Пасля заяваў уладаў «не падабаюцца нашыя парадкі — шукайце сабе новую радзіму», наш суразмоўца пастанавіў заставацца дома, «пакуль у дзверы не пагрукаюць». Пагрукалі — у 2023 годзе. Мужчына зрабіў выгляд, што дома нікога няма, а калі сцямнела, спусціўся праз акно з электрасамакатам і ўцёк. Суседзі потым расказвалі, што яго шукаюць сілавікі.

Першы месяц блогер хаваўся ў лесе, потым у закінутай вёсцы, потым выехаў у іншы горад. Паспрабаваў атрымаць польскую візу — не атрымалася. Тады паехаў у Грузію.

Кулінарны блог

Зміцер лічыць, што яго шукалі за ягоную блогерскую дзейнасць — на сваім канале яшчэ да 2020 года ён шмат расказваў пра Украіну, украінцаў. Праяўляў сябе беларус і ў актывізме — у 2017 годзе, калі працаваў вартаўніком у райпо, разам з калегамі зладзіў страйк і змог дамагчыся, каб іх не звальнялі.

А яшчэ ў сваім блогу Зміцер выкладаў «кухарскія» ролікі — распавядаў, як гатаваць беларускія стравы. І выкарыстоўваў гэты жанр у тым ліку, «каб вяртаць беларусаў да свайго».

«Неяк яшчэ ў Беларусі перад новым годам зайшоў у цырульню, у якую заўсёды хадзіў. Там адна цырульніца была «па-за палітыкай», а другая — лукашыстка, у яе нават сцяг чырвона-зялёны вісеў. І тут яны раптам пытаюцца — а дзе твае салаты? Я не зразумеў спачатку. А яны кажуць — новы год неўзабаве, а ў цябе на канале няма салатаў. І тады да мяне дайшло, што мяне глядзяць. Мы пачалі размаўляць. Яны задавалі правільныя пытанні, па Украіну ў тым ліку. А праз некаторы час гляджу — чырвона-зялёны сцяжок знік. Так я зразумеў, што праз кулінарны жанр можна дагрукацца да людзей, якія штосьці больш сур’ёзнае глядзець не будуць», — раскзвае Зміцер.

Кулінарыя — гэта не проста хобі ці аматарская зацікаўленасць Змітра — у яго ёсць прафесійная адукацыя па спецыяльнасці «кухар-кулінар-кандытар». У Батумі мужчына часта гатаваў беларускія стравы на розныя імпрэзы — бабку, дранікі, блінцы з начынкай і без, мачанку і іншае.

Мужчына хацеў бы і далей рабіць кулінарныя сюжэты, аднак на гэты момант праблема ў тэхніцы — штатыў застаўся ў Батумі. Таму Зміцер быў бы ўдзячны за дапамогу.

«Патрэбны штатыў і «жураў» да яго. Калі б хтосьці ахвяраваў грошы і падпісаў, што гэта менавіта на тэхніку, я думаю, я б і адсюль, з гостэлу штосьці працягнуў бы здымаць, бо гаспадары тут заўсёды ідуць насустрач», — адзначае беларус.

«У нас адкрытая культура — ты вельмі хутка станеш сваім»

Зміцер кажа, што ўпершыню апынуўся ў сітуацыі, калі вымушаны прасіць пра фінансавую дапамогу. Як зарабляць — пакуль не зразумела, а ў чаканні вырашэння пытання з далейшай легалізацыяй трэба аплачваць хостэл і харчавацца. Жытло недарагое, кажа Зміцер — 320—330 даляраў у месяц. А вось прадукты ў Ерэване нятанныя.

«Я сеў пралічыў: тут 250—300 даляраў пойдзе на харчаванне ў месяц. І гэта без нейкіх асаблівых страў. У Батумі я ўкладаўся часам у 150 даляраў. Таму я вымушаны прасіць дапамогі», — кажа мужчына.

Зміцер запісвае стрымы, у якіх распавядае пра сваё жыццё ў сталіцы Арменіі. Кажа, гэтая краіна моцна адрозніваецца ад Грузіі. Архітэктурай, але найперш кліматам, які тут больш сухі і спякотны. Іншыя таксама людзі.

«Грузіны файныя, але насцярожаныя. Нават калі запросяць у госці, гэта не значыць, што яны адкрыюць вам сваю душу і кінуцца дапамагаць. Армяне ў гэтым сэнсе больш адкрытыя. Грузіны любяць казаць, што яны — маленькі народ, і ім трэба быць вельмі акуратнымі, каб не мець праблем ад той жа Расеі. Ад армянаў я такога не чуў. Яны наадварот кажуць: а чаму ты не паспрабуеш займацца тым самым, чым у Батумі, у нас? У нас адкрытая культура — ты вельмі хутка станеш нашым. Такая розніца ў падыходах. І яны адразу кідаюцца дапамагаць», — зазначае блогер.

«Не сустрэў ніводнага армяніна, які б не валодаў расейскай»

Аднак Зміцер не ўпэўнены, што змог бы прыжыцца ў Арменіі на доўгі тэрмін. Па-першае, праз клімат, які яму не падыходзіць па здароўі. У мужчыны — астма, пра якую ён цалкам забыўся ў Батумі — адчуваў сябе здаровым чалавекам і нават не прымаў лекі. А ў Ерэване менш чым за два тыдні з’явіліся сімптомы.

А яшчэ Змітра бянтэжыць прарасійскасць Арменіі, што праяўляецца ў тым ліку ў публічнай прасторы.

«На адным з цэнтральных кінатэатраў у іх дагэтуль шыльда — «Масква». У крамах шмат расійскіх тавараў. Армяне, хоць размаўляюць паміж сабой на сваёй мове, лёгка пераходзяць на расейскую — за ўвесь час тут я не сустрэў ніводнага армяніна, які б не валодаў расейскай. У той час як у Грузіі другая мова — англійская, і моладзь на 90% ужо не разумее расейскую. Армянская сітуацыя мяне напружвае, нягледзячы на ўсю дабрыню людзей», — кажа мужчына.

Зміцер просіць неабыякавых людзей падтрымаць яго, каб ён змог пакрыць наступныя выдаткі: жытло на 3 месяцы, пералёт у Польшчу, ежа, вопратка, лекі ад астмы.

Рэквізіты для дапамогі:

А па гэтай спасылцы можна глядзець блог Змітра, што таксама будзе для яго падтрымкай у цяперашняй няпростай сітуацыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула