БЕЛ Ł РУС

Ці выпадкова падзенне агульначалавечага ўзроўню інтэлекту супала з распаўсюджваннем інтэрнэту?

22.05.2025 / 20:39

Nashaniva.com

Здаецца, на нашых вачах памірае адна спрадвечная вера — у выключна пазітыўную ролю новых тэхналогіяў, піша ў фэйсбуку журналіст Віталь Цыганкоў.

Вопыт усяго чалавецтва паказвае, што любая новая тэхналогія нейкі час з'яўляецца здабыткам эліты — але потым становіцца агульнапрынятай, уваходзіць у шырокія народныя масы, адпаведна валоданне ёй перастае даваць перавагі, перастае быць знакам нейкай абранасці. Так было з радыё, тэлефонам, тэлевізарам, — а пазьней і інтэрнэтам.

Зараз нават забаўна ўспамінаць, якія спадзяванні ўскладаліся на развіццё інтэрнэту. Усур’ёз лічылася, што далучэнне шырокіх народных масаў да сусветнай інфармацыйнай сеткі аўтаматычна падштурхне іх да дэмакратычных і ліберальных каштоўнасцяў. Лічылася, што «недаразвітыя» людзі сядзяць у тэлевізары, а «развітыя» — у інтэрнэце. І вось калі апошняя бабуля нарэшце выйдзе ў Сеціва — то будзе нам дэмакратычнае шчасце. Не выйшла.

Уражвала, наколькі тут блыталіся прычыны і наступства. Проста прадэмакратычныя і празаходнія беларусы (тая самая эліта на першым этапе тэхналогіі) першымі прыйшлі ў інтэрнэт і стварылі сабе ўражанне, што тут «усе такія». Але потым у інтэрнэт прыйшлі ўсе астатнія, — і не змяніліся. Бо інтэрнэт не мяняе людзей, як не мяняе іх тэлефон.

Гадоў з 10 таму я прыдумаў і напісаў у ФБ жарт: «Лічыць, што людзі, якія сядзяць у інтэрнэце, больш прагрэсіўныя — гэта ўсё роўна, што лічыць, што людзі, якія ездзяць у экалагічных тралейбусах, больш прагрэсіўныя за тых, хто ездзіць у аўтобусах».

Больш за тое, даўно ўжо паўстае заканамернае пытанне, якую шкоду прыносяць новыя тэхналогіі для развіцьця чалавека. Швецыя, наколькі я чытаў, прызнала памылковым эксперымент лічбавага навучання ў школах і вярнулася да кнігаў — бо электронныя носьбіты «негатыўна ўплываюць на развіццё школьнікаў».

Сфармавалася разуменне, што той, хто чытае кнігі, значна больш развіты за таго, хто гартае стужку інстаграма ці тыктока. Я ўжо не кажу пра тое, што сацсеткі могуць станавіцца каталізатарам пэўных псіхалагічных праблем людзей, што мы штодня назіраем у фэйсбуку.

Я калісьці ўжо расказваў пра агульнапрызнаную статыстыку, паводле якой з канца 1990-х упершыню ў гісторыі назіранняў (з 1930-х гадоў) IQ чалавецтва стаў паслядоўна зніжацца, і гэта зніжэнне працягваецца ўжо 25 гадоў.

А цяпер задумаемся, ці выпадкова так супала, што гэтае падзенне агульначалавечага ўзроўню інтэлекту пачалося менавіта разам з масавай камп'ютарызацыяй і распаўсюджваннем інтэрнэту.

І ці не з'яўляюцца палітычныя і сацыяльныя працэсы, вынікі галасаванняў у многіх краінах яркім сведчаннем таго самага сярэднестатыстычнага зніжэння ўзроўню інтэлекту? І які ўплыў на калектыўны розум людзей акажа масавае распаўсюджванне штучнага інтэлекту, калі ягоны спажывец ужо не павінен сам нічога думаць і памятаць, а проста задаць пытанне, і верыць атрыманаму адказу?

Чытайце таксама:

«Трамп ламае свет з грацыёзнасцю бегемота»

Быць пераможцамі ці расчэсваць раны ахвярнасці? Справа ў свядомым выбары

Вы кажаце, што ШІ заменіць чалавека? Вы не разумееце натуры чалавека

Многія робяць тое, што і Трамп. Толькі ціхенька і без экстраваганцыі

Каментары да артыкула