У Санкт-Пецярбургу будуць судзіць дырэктарку кнігарні за продаж кнігі беларускага палітвязня
Дырэктарку санкт-пецярбургскай кнігарні «Падпісныя выданні» Алену Арлову будуць судзіць за продаж кнігі беларускага палітвязня Ігара Аліневіча «Еду в Магадан».
Паводле паведамлення прэс-службы судоў Санкт-Пецярбурга, адзін чалавек набыў гэтую кнігу яшчэ 27 снежня. А паколькі выдала яе арганізацыя ABCF, прызнаная ў Расеі непажаданай, продаж кнігі кваліфікавалі як удзел у яе дзейнасці і склалі на Арлову адміністрацыйны пратакол.
Анархіст Ігар Аліневіч за кнігу, напісаную ў турме, у 2013 годзе атрымаў прэмію Францішка Аляхновіча — узнагароду за творы, напісаныя ў няволі. У 2016 годзе яго адзначылі таксама Нацыянальнай прэміяй імя Віктара Івашкевіча за адвагу ў абароне правоў чалавека.
Ігару цяпер 41 год. У 2020 годзе яго затрымалі, а пазней ён быў асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі паводле некалькіх артыкулаў — за незаконныя дзеянні са зброяй, тэрарызм і кантрабанду небяспечных матэрыялаў. Пасля прысуду яго перавялі ў жорсткія ўмовы ўтрымання ў турме ў Жодзіне, дзе, паводле рэдкай інфармацыі, ён неаднаразова трапляў у штрафны ізалятар і нават у турэмны шпіталь.
Чытайце таксама:
Ігар Аліневіч у чэрвені трымаў галадоўку ў ШІЗА
Палітвязня Аліневіча перавялі з бальніцы ў Калядзічах у жодзінскую турму
Аўдыякніга анархіста Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» выйшла на беларускай мове
«Проста пекла на зямлі». Што вядома пра турму, дзе трымаюць Сяргея Ціханоўскага і Ігара Аліневіча