Схемы, па якіх дзейнічае ГБ. Выйшла расследаванне пра піцерскіх сексотаў ФСБ
Журналісты раскрылі дзейнасць групы агентаў КДБ і ФСБ, якая дзесяцігоддзямі распрацоўвала праціўнікаў рэжыму, моладзь і ЛГБТ-супольнасць, выкарыстоўваючы правакацыі, гвалт і шантаж.
Скрын відэа: proekt_media / YouTube
Выданне «Праект» апублікавала фільм-расследаванне аб групе агентаў ленінградскага КДБ, якія ў савецкі час сачылі за дысідэнтамі а пасля распаду СССР працягнулі працу на спецслужбы. У цэнтры гэтай гісторыі — тры постаці: Уладзімір Гушчын, Сяргей Баркан і Уладзіслаў Цярохін.
Савецкі агент, які застаўся «педагогам»
Уладзімір Гушчын — ключавы герой расследавання. У 1980—90-х гадах ён працаваў пад куратарствам КДБ, займаючыся «перавыхаваннем» нефармальнай моладзі і сачэннем за дысідэнтамі. У архівах літоўскага КДБ згадваецца агент пад псеўданімам «Шура». Расследавальнікі лічаць, што гэта і быў Гушчын, дэталі біяграфіі якога супадаюць з інфармацыяй, якую спецслужба раскрыла аб дзейнасці свайго агента.
Пасля распаду СССР Гушчын не толькі не сышоў у цень, але стаў сузаснавальнікам Партыі зялёных і працягнуў працу ў сферы моладзевай палітыкі.
Да самага 2024 года мужчына афіцыйна працаваў у цэнтры «Кантакт» пры камітэце па справах моладзі Пецярбурга. Але, як сцвярджаюць журналісты, пад выглядам педагога ён перадаваў інфармацыю пра падлеткаў у ФСБ і МУС, у тым ліку ў аддзелы па барацьбе з экстрэмізмам.
Гушчын выступаў на тэлебачанні як эксперт па субкультурах, пісаў метадычныя матэрыялы. У адной з іх — кнізе «Дзеці вуліц» ён расказвае аб тым, што ў 1980—1990-х гадах пад кіраўніцтвам КДБ удзельнічаў у праграмах па перавыхаванні нефармальнай моладзі і разважае пра метады ўкаранення ў моладзевыя рухі.
Сяргей Баркан: «злы паліцэйскі»
У пары з Гушчыным у цэнтры «Кантакт» працаваў Сяргей Баркан, якога крыніцы называюць прыхільнікам жорсткіх метадаў. Яго абвінавачваюць у катаваннях і сэксуалізаваным гвалце над удзельнікамі моладзевых субкультур. Адзін з былых супрацоўнікаў цэнтра распавёў, што Баркан і Гушчын дзейнічалі па прынцыпе «добры-злы паліцыянт»: Гушчын збіраў інфармацыю мяккімі метадамі, а Баркан запалохваў і ўжываў фізічную сілу.
Асабліва вядомы аўтобус «Сацыяльны патруль», які, паводле суразмоўцаў «Праекту», выкарыстоўваўся для жорсткіх допытаў. Затрыманых падлеткаў падвяргалі прыніжэнням, уключаючы так званае «саджанне на бутэльку» — метад, які, па словах крыніц, быў «фірмовым» для Баркана.
Адзін з супрацоўнікаў цэнтра назваў яго аддзел «гестапа», а Гушчыну, паводле іх слоў, падабалася, што Баркана баяліся, што ўзмацняла іх кантроль над моладдзю.
Уладзіслаў Цярохін: правакацыі і кампрамат
Яшчэ адзін фігурант расследавання — Уладзіслаў Цярохін, вядомы як Хазан або Улад Лектар, даўні знаёмы Гушчына. У расследаванні сцвярджаецца, што разам з Гушчыным ён сачыў за дэмакратамі пачынаючы з 1980-х гадоў. Цярохін спецыялізаваўся на правакацыях.
Адзін з эпізодаў адбыўся ў пачатку 1990-х: разам з Гушчыным яны заманілі журналіста ленінградскага выдання ў кватэру, дзе таго апаілі, а затым шантажавалі, сцвярджаючы, што ў іх ёсць кампраметуючыя фатаграфіі.
У 2010—2020-я гады Цярохін працягнуў збіраць кампрамат на апазіцыянераў і актывістаў. Ён наведваў мітынгі, запрашаў удзельнікаў на сустрэчы, у лазні ці выпіць, спрабуючы апаіць іх і сфатаграфаваць у кампраметуючых сітуацыях.
Цярохін у размове з «Праектам» адмаўляў абвінавачванні ў гвалце, шантажы і супрацоўніцтве з сілавікамі. Гушчын і Баркан адмовіліся адказваць на пытанні журналістаў.
Чытайце таксама:
Чатыры жонкі Рамзана Кадырава, якія нарадзілі яму 14 дзяцей: хто яны
Стала вядома, колькі грошай атрымлівалі ад крамлёўскага фонду Лушч, Мірсалімава і Герашчанка