Стала вядома, колькі грошай атрымлівалі ад крамлёўскага фонду Лушч, Мірсалімава і Герашчанка
Расійскі Фонд падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, што жывуць за мяжой, — больш вядомы як Праўфонд — стаў важным інструментам Крамля для падтрымкі прарасійскіх актывістаў у Беларусі. Грошы ад яго атрымала нават дырэктарка брэсцкага рынку, якая стала мемам праз сваю любоў да фоташопу.

Каманда беларускіх журналістаў-расследвальнікаў «Бюро» апублікавала матэрыял пра фінансаванне Расійскім Фондам падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, (Праўфонду) разнастайных праектаў у Беларусі.
Гэта расследаванне праводзілася ў межах міжнароднага супрацоўніцтва з Дацкай вяшчальнай карпарацыяй (DR) і OCCRP (The Organized Crime and Corruption Reporting Project), якія атрымалі доступ да маштабнай уцечкі дакументаў Праўфонду.
Праўфонд быў створаны паводле загаду Уладзіміра Пуціна. Яго дырэктар Аляксандр Удальцоў, як і сам фонд, знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза. Еўрапейскія і балтыйскія спецслужбы разглядаюць Праўфонд як прыкрыццё для дзейнасці расійскіх спецслужбаў, звязанай з інфармацыйнымі аперацыямі і вербоўкай.
Куратар беларускіх праектаў — Вячаслаў Ялагін, які раней працаваў у МЗС РФ. Паводле расследавання, у кіраўніцтве фонду дзейнічалі і кадравыя супрацоўнікі спецслужбаў.
Ад юрыдычнай дапамогі да «гістарычнай памяці»
Праўфонд фінансуе мінскі Цэнтр прававых кансультацый, звязаны з прарасійскім дзеячам Сяргеем Лушчом. На стварэнне цэнтра ў 2021 годзе Праўфонд выдзеліў больш за $60 000. Грант афармляўся праз асацыяцыю, якую Лушч сам заснаваў. Але з самага пачатку ўзніклі праблемы: Адміністрацыя Лукашэнкі зацягвала зацвярджэнне фінансавання, якое павінна было праходзіць праз яе гуманітарны дэпартамент.

Першы транш быў ухвалены толькі пасля ўмяшання расійскай амбасады, а другі так і не зацвердзілі. Каб абысці бюракратыю, Лушч дамовіўся з Праўфондам пераводзіць грошы на асабісты рахунак у маскоўскім Райфайзенбанку.
Адпаведна дакументам, за 2022—2023 гады цэнтр атрымаў $160 000, больш за палову пайшло на заробкі супрацоўнікаў. Усяго за гэты час туды паступіла каля 1500 зваротаў. Расследвальнікі сцвярджаюць, што ў цэнтры дакументавалі кожны зварот і перадавалі асабістыя звесткі заяўнікаў у Праўфонд.
У 2024 годзе Лушч запытаў новы грант — зноў на суму звыш $60 000. Але гэта не адзіны яго праект, які фінансуецца з Крамля.
Акрамя юрыдычнай дзейнасці, Лушч арганізоўваў прапагандысцкія мерапрыемствы. У лістападзе 2022 года ён правёў у Мінску круглы стол на тэму «гістарычнай памяці», на які пайшло амаль $6 000. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі Праўфонду, расійскія дыпламаты і беларускія прапагандысты.
Сайт і кнігі
Грошы ад Праўфонду атрымліваў і КСАРС — Каардынацыйны савет расійскіх суайчыннікаў пры пасольстве Расіі. Яго ўзначальвае былы настаўнік гісторыі і віцебскі чыноўнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэй Герашчанка, які з 2018 года атрымаў $70 000 на выданне пяці кніг пра Другую сусветную вайну.

У 2022 годзе Праўфонд выдзеліў $10 000 на прававую рубрыку для сайта «Разам з Расіяй», якім кіруе КСАРС. У 2023-м запыт быў падвоены.
Прававую частку сайта курыруе намеснік старшыні КСАРС, юрыст Андрэй Лапацкі, які заснаваў у Беларусі сацыяльна-культурны цэнтр «Крымскае зямляцтва». Ён прызнаў, што рэгулярна падае заяўкі на гранты Праўфонду. Адпаведна дакументам, сам старшыня КСАРС Герашчанка атрымліваў ганарары як тэхнічны спецыяліст сайта.
«Алея памяці» і помнікі з Польшчы
Яшчэ адным напрамкам фінансавай падтрымкі Фонду стала дзейнасць брэсцкай прадпрымальніцы Наталлі Ільніцкай (многія памятаюць яе як дырэктарку брэсцкага рынку, якая стала мемам праз сваю любоў да фоташопу), якая вырашыла збіраць савецкія помнікі, дэмантаваныя ў Польшчы.

На стварэнне музея пад адкрытым небам «Алея памяці» ў 2022 годзе Праўфонд выдзеліў амаль $13 000. Паводле слоў Ільніцкай, экспазіцыя налічвае ўжо 30 манументаў, 26 з якіх прывезены з Польшчы. Афіцыйна грошы ішлі на добраўпарадкаванне тэрыторыі, рэстаўрацыю помнікаў і правядзенне патрыятычных мерапрыемстваў.
Юрыдычная абарона
Паводле дакументаў, яшчэ адным напрамкам дзейнасці Праўфонда з'яўляецца фінансаванне юрыдычнай дапамогі грамадзян. У прыватнасці, расіянка Соф’я Сапега атрымала грант звыш $7000 на аплату паслуг адваката пасля свайго затрымання ў Мінску разам з Раманам Пратасевічам у 2021 годзе.

Яшчэ адзін прыклад — Эльвіра Мірсалімава, арганізатарка «Бессмяротнага палка» ў Віцебску, якая трапіла пад адміністрацыйны пераслед у 2023 годзе. Яе муж атрымаў $1 100 з Праўфонду на аплату штрафу і адваката.

Як сцвярджаюць аўтары расследавання, агульны аб’ём фінансавай дапамогі фонду беларускім праектам за апошнія пяць гадоў перавысіў $400 000.
Каментары