БЕЛ Ł РУС

Кандыдат у прэзідэнты Польшчы падчас тэледэбатаў ужываў стымуляцыйнае рэчыва. Гэта выклікала вялікі рэзананс

24.05.2025 / 18:27

Nashaniva.com

Падчас тэледэбатаў паміж кандыдатамі ў прэзідэнты Польшчы Каралем Наўроцкім і Рафалам Тшаскоўскім Наўроцкі нечакана закрыў рот рукой і паклаў нешта сабе пад губу. Пазней ён сказаў, што гэта была жавальная гумка, але ўрэшце аказалася, што насамрэч палітык ужываў снюс — тытунёвы прадукт.

Караль Наўроцкі кладзе сабе ў рот нікацінавы пакецік. Скрыншот з відэа

Гэта відэа хутка распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках і выклікала шмат спекуляцый і абмеркаванняў. Некаторыя палітыкі і каментатары нават меркавалі, што Наўроцкі мог ужываць забароненыя рэчывы. У яго штабе, аднак, адказалі, што на відэа бачны снюс, які Наўроцкі нібыта ўжываў для таго, каб не заснуць падчас доўгіх прамоў Тшаскоўскага.

Аднак жа праблема ў тым, што снюс забаронены ў Польшчы і ў большасці краін ЕС. Праўда, паводле экспертных меркаванняў, Наўроцкі выкарыстаў «белы снюс» — легальны заменнік снюсу, які не ўтрымлівае тытуню, але змяшчае нікацін.

Сам Караль Наўроцкі пазней у інтэрв’ю пацвердзіў, што гэта быў нікацінавы пакецік — дазволены ў ЕС прадукт, які змяшчае нікацін і араматызатары. Гэтыя пакецікі выклікаюць выпрацоўку дафаміну і сератаніну, што стымулюе арганізм у стрэсавых сітуацыях.

Аднак і яны шкодзяць здароўю: нікацін пагражае слізістым абалонкам, можа паскараць развіццё анкалогіі, а соль, якая ёсць у складзе пакецікаў, шкодзіць дзяснам.

Таму звычайны на першы погляд жэст Наўроцкага на дэбатах выклікаў шырокую дыскусію пра легальнасць і шкоду нікацінавых прадуктаў, а таксама пра тое, што дапушчальна і што не рабіць публічным асобам.

Абодва згаданыя кандыдаты ў прэзідэнты прайшлі ў другі тур выбараў па выніках першага, які прайшоў 18 мая. Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі балатуецца ад ад кіроўнай партыі «Грамадзянская платформа», а дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі фармальна беспартыйны, але яго падтрымлівае галоўная апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць».

Чытайце таксама:

Адзіная гміна ў Польшчы, дзе перамог Мэнцэн, заселеная беларусамі. Але галасавалі не яны

Што за Мэнцэн і Зандберг і чаму маладыя палякі масава галасавалі за іх?

У беларусаў Польшчы былі прычыны не галасаваць за Тшаскоўскага

«Пшэпшык». Гэта рэальны тэг, пад якім прапаганда піша пра выбары ў Польшчы і распальвае недавер да іх вынікаў

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы: хто асноўныя фаварыты і што яны казалі пра Беларусь

Чаму аднушка пана Ежы можа вырашыць лёс выбараў прэзідэнта Польшчы. Што трэба ведаць пра першы тур галасавання

Каментары да артыкула