Свет1717

Што за Мэнцэн і Зандберг і чаму маладыя палякі масава галасавалі за іх?

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы прынёс беспрэцэдэнтны поспех ультраправаму аб’яднанню «Канфедэрацыя». Ягонаму лідару Славаміру Мэнцэну ўдалася перамагчы на выбарах сярод моладзі. А сістэмныя палітыкі сярод маладых выбаршчыкаў нават не трапілі ў топ-2.

Славамір Мэнцэн. Фота: Photo by Klaudia Radecka / NurPhoto via Getty Images

1 кастрычніка 2023 года сотні тысяч палякаў выйшлі на найбуйнейшую палітычную акцыю ў гісторыі Варшавы. На вуліцы пад лозунгамі «Прагонім Качыньскага» і «Разлічым ПіС» іх вывеў былы прэм’ер Дональд Туск і ягоныя партнёры па левацэнтрысцкай кааліцыі. Праз два тыдні тыя ж людзі ў белым і з бутаньеркамі ў выглядзе сэрцайкаў выстраіліся ў чэргах на выбарчых участках — амаль як у Беларусі трыма гадамі раней. Яны прыйшлі на ўчасткі, каб скончыць васьмігадовае кіраванне партыі «Права і справядлівасць».

Апазіцыі ўдалося мабілізаваць выбаршчыкаў: яўка стала рэкорднай і рэдкай для дэмакратычнай краіны — амаль 75%. ПіС заняла першае месца, але прайграла аб’яднаным левацэнтрыстам. Туск стварыў урад з лібераламі і левымі. Здавалася, пачынаецца новая эпоха.

Але праз паўтара года многія з тых, хто тады шпацыраваў па цэнтральных вуліцах Варшавы, прыйшлі на прэзідэнцкія выбары ўжо з іншым настроем: каб сказаць кіроўнай кааліцыі «Не!». І не толькі ёй, але і дваццацігадоваму дамінаванню дзвюх партый, так званаму «ПОПіСу» (ад назваў партый — «Грамадзянская платформа» і «Права і справядлівасць» — рэд.). І найгучней тут было чуваць голас моладзі.

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі ад «Грамадзянскай платформы» і гісторык Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае «ПіС», у першым туры разам набралі крыху больш за 60%. Гэта найгоршы паказчык кандыдатаў ад дзвюх галоўных партый за дваццаць гадоў. А вось яшчэ адзін факт: кандыдаты ад партый кіроўнай кааліцыі атрымалі 39,7% — паўтара года таму на парламенцкіх выбарах у іх было 53,72%. Выбаршчыкі незадаволеныя тым, што кааліцыя не выконвае перадвыбарчыя абяцанні, многія з якіх, па шчырасці, блакуюцца прэзідэнтам Дудам. А яшчэ шмат хто проста стаміўся ад старых партый і палітыкаў, а таксама бясконцых скандалаў з іх удзелам. Маршалак Сойма Шыман Галоўня, які на выбарах цалкам праваліўся, назваў вынікі першага тура «жоўтай карткай» для ўрада. Ці ператворыцца яна ў чырвоную — шмат у чым залежыць ад другога тура.

Пакуль што казаць пра нейкую электаральную рэвалюцыю рана, але тэндэнцыя ёсць. І шмат у чым яна звязаная з маладымі выбаршчыкамі. Ёсць сталае меркаванне, што дэпутатаў і прэзідэнтаў выбіраюць людзі сярэдняга і перадпенсійнага ўзросту. Яны больш цікавяцца палітыкай і, што яшчэ важней, часцей ходзяць на выбары. Але

гэтым разам раптоўна на выбары прыйшла моладзь. І прагаласавала не за «ПОПіС», а за Славаміра Мэнцэна — кандыдата ад правапапулісцкай «Канфедэрацыі».

Мэнцэн заняў першае месца сярод маладых выбарцаў. Photo by Jaap Arriens/NurPhoto via Getty Images

Лідар партыі, якая яшчэ нядаўна лічылася маргінальнай, набраў амаль 15%. Але больш паказальна іншае: як паказваюць экзітполы, Мэнцэн упэўнена перамог сярод выбаршчыкаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. Тут у яго ажно 36%. На другім месцы не Наўроцкі і нават не Тшаскоўскі, а антысістэмны левы Адрыян Зандберг — ён атрымаў амаль 20% галасоў моладзі. То-бок больш за палову маладых выбаршчыкаў выказаліся як супраць дзвюх галоўных партый, так і супраць усіх астатніх з правячай кааліцыі.

Моладзь на мітынгу ў падтрымку Славаміра Мэнцэна. Фота: Beata Zawrzel / Anadolu via Getty Images

Поспех Мэнцэна не толькі ў тым, што яго падтрымала моладзь. Ён змог пераканаць яе ўвогуле прыйсці на выбары.

Лідар «Канфедэрацыі» перацягнуў многіх, хто чатыры гады таму галасаваў за Анджэя Дуду, а яшчэ набраў ажно 35% галасоў тых, хто на мінулых выбарах не галасаваў зусім.

Як галасавалі выбарцы ў залежнасці ад узросту. Даныя экзіт-полаў. Графік: onet.pl

Але ў чым сакрэт такога поспеху?

Менцэна можна назваць даволі тыповым, паводле сучасных еўрапейскіх мерак, правым папулістам. І набор ідэй у яго, у прынцыпе, стандартны. Ён выступаў катэгарычна супраць абортаў, нават у выпадках згвалтавання, заклікаў страляць у нелегальных мігрантаў на мяжы, а таксама абяцаў дамагчыся большай незалежнасці Польшчы ў межах Еўрасаюза.

Менцэн заклікаў зрабіць ахову здароўя і адукацыю платнымі, каб палепшыць іх эфектыўнасць, адмяніць большасць падаткаў, дазволіць прадпрымальнікам не плаціць унёскі ў фонд сацыяльнага страхавання, абяцаў знізіць цэны на электрычнасць праз адмову ад зялёнай палітыкі ЕС — таксама балючая тэма для палякаў. За палітычны стыль і прапанову стварыць дзяржаўны рэзерв у біткойнах Мэнцэна нават празвалі «польскім Трампам».

Неадназначнае яго стаўленне да Расіі і Украіны. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён паспеў наведаць Львоў, каб паказаць «культ Бандэры», выступаў за тое, каб пазбавіць украінцаў польскіх дзіцячых дапамог, а таксама казаў, што варта дамовіцца з Пуціным, каб скончыць вайну. Пры гэтым Мэнцэн лічыць, што Расія пагражае бяспецы Польшчы — таму абяцаў траціць больш на абарону.

Але што зачапіла моладзь у палітыку з такім наборам ідэй? Па-першае, маладыя палякі проста стаміліся ад галоўных партый і незадаволеныя сістэмнымі палітыкамі наогул. Моладзь расчараваная тым, што кааліцыя Туска за паўтара года не выканала амаль нічога з абяцанага. У маладых людзей наогул ёсць адчуванне, што палітыкі іх не чуюць і не ўлічваюць іх інтарэсаў. Гэтая незадаволенасць вылілася на выбарчых участках. Моладзь прыйшла аддаць пратэсны голас за таго, каго добра ведала з сацсетак.

Гэта другая прычына поспеху Мэнцэна — ён пабудаваў сваю кампанію практычна цалкам пад тыкток і іншыя сацсеткі.

На яго канал падпісаныя больш за паўтара мільёны чалавек, яго ролікі добра разыходзяцца. Калі на парламенцкіх выбарах гэта не зусім спрацавала, то цяпер гэта супала з незадаволенасцю ўрадам, і тыкток прынёс Мэнцэну галоўны поспех для ультраправых у сучаснай гісторыі Польшчы.

Па-трэцяе, некаторыя ідэі Мэнцэна сапраўды рэзануюць з настроямі польскай моладзі. Апытанні паказваюць, што маладых палякаў не надта цікавяць такія тэмы, як правы ЛГБТ, аборты або прыцягненне «ПіС» да адказнасці — галоўная тэма лібералаў апошнія паўтара года. Моладзі важна, каб дзяржавы ў эканоміцы было менш, каб паслугі аховы здароўя былі больш якаснымі. І каб мігрантаў было менш — маладыя палякі баяцца канкурэнцыі на рынку працы і сур’ёзна заклапочаныя бяспекай. Мэнцэн б’е менавіта ў гэтыя тэмы і зарабляе папулярнасць. Ён прапануе нібыта простае рашэнне ўсіх праблем, чым і падкупляе недасведчаннага выбарцу. Яскравая і зразумелая падача тут важнейшая за тое, што кажа Мэнцэн і што ён казаў раней.

Мэнцэн заняў першае месца сярод маладых выбаршчыкаў. Photo by Jaap Arriens/NurPhoto via Getty Images

Падобная сітуацыя і з другім фаварытам моладзі — Зандбергам. Гісторык і праграміст у адной асобе прыйшоў у парламент у складзе кааліцыі, але потым парваў з ёй, абвінаваціўшы партыю Туска ў блакаванні прапаноў левых.

Зандберг пайшоў у апазіцыю, чым таксама дадаў сабе папулярнасці сярод пратэсных выбаршчыкаў. Ён быў актыўны ў сацсетках, стрыміў на Твічы, як гуляў у «Майнкрафт». А яшчэ біў у важную для моладзі праблему высокіх цэнаў на жыллё.

Адрыян Зандберг. Фота: Marek Antoni Iwaczuk / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Зандберг прапаноўвае будаваць больш муніцыпальнага жылля, абяцаў увесці падатак на трэцюю кватэру і спыніць субсідаванне крэдытаў, якія толькі павышаюць цэны на кватэры. Па выніку у традыцыяналісцка-каталіцкай Польшчы лявак Зандберг усё адно стаў другім па папулярнасці сярод маладых выбаршчыкаў і абышоў сваю былую калегу па партыі Магдалену Беят, якая ішла якраз ад сістэмных левых з кіраўнічай кааліцыі.

Зусім відавочна, што наймаладзейшыя выбаршчыкі здольныя вызначыць вынік другога тура. Іх больш за чатыры мільёны, і палова з іх у першым туры не галасавала за фаварытаў. Зандберг ужо адмовіўся падтрымаць каго-небудзь з кандыдатаў і заклікаў сваіх выбаршчыкаў галасаваць «уласным розумам». Мэнцэн жа ўзяў паўзу.

Чатыры гады таму электарат «Канфедэрацыі» падзяліўся ў другім туры, але тады за кандыдата ад гэтай партыі прагаласавалі ўсяго 6%. Цяпер жа вынік выбараў вызначыць тое, каму з лідараў удасца дацягнуцца да маладых — і ці прыйдуць яны на другі тур наогул. 

Выбары ў Польшчы ўжо называюць лёсавызначальнымі. Прэзідэнт там не мае такіх шырокіх паўнамоцтваў, як у ЗША альбо Францыі, але ён можа ўплываць на замежную палітыку і валодае правам вета, што мае значэнне ў некаторых пытаннях. Пераадолець гэтае вета кіроўная кааліцыя не можа — ёй бракуе галасоў. Таму перамога Наўроцкага патэнцыйна можа прывесці да палітычнага крызісу. А ў перспектыве — і да вяртання да ўлады «ПіС», якую апаненты абвінавачваюць у карупцыі і антыдэмакратызме. Можа быць, нават у кааліцыі з «Канфедэрацыяй».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары17

  • бабруйчанін
    19.05.2025
    Пакаленне " тік так" інса.грам" ніадукаванае абмежаванае ..тупое))
    Будзе Вам якасная платная ахова здароў'я а плаціць кто будзе??)) Працаваць ні здольны адукацыі жадання 0.Будзе муніцыпальнае жыллё і зніжэнне падаткаў)))) Супраць звяза як і супраць " саюза"?? Тааак!! Так Вы на другім месце па атрыманню коштаў € ад Брюсселя ...
  • Faraon
    19.05.2025
    Žvir, чытайце ўважліва тэкст. Інфармацыя пра ўзрост і г.д. - з экзітполу
  • Чам
    19.05.2025
    Žvir, пра таго як галасавалі проста апытанні кажуць, людзі ж звычайна не паняць за каго галасавалі. А так гэта паўплывае на палітыку адносна Беларусі. У Польшчы карайнія нацыяналісты узялі 20 працэнтаў, і гэта і так было зразумела па іншых арытаннях, бо у сацыялагічных апытанняў беларусы у палякаў трохі лепей за цыган, а украінцы трохі лепей,але 25% палякаў іх вельмі не любіць. Там іншае цікава, палякі у Нямеччыне і іншым захадзе яшчэ больш нацыяналістычныя, 30%

Цяпер чытаюць

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»29

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»

Усе навіны →
Усе навіны

Туск у Капенгагене заклікаў еўрапейскіх лідараў усвядоміць, што вайна ўжо ідзе6

Ілан Маск анансаваў стварэнне канкурэнта Вікіпедыі6

Па Новай Баравой ходзіць мужчына, які пастаянна мяняе абліччы. Хто ён такі?9

Пуцін расказаў, колькі зарабляе Расія на продажы ЗША ўрану6

Чатырохгадовая беларуска са спісу Forbes «30 да 30» зрабіла агляд беларускіх страў і ў чарговы раз скарыла інстаграм6

Пуцін запэўніваў Еўропу, што слабасць недапушчальная12

Mark Formelle пачаў выпускаць адзенне для немаўлят

Мінскае мора пазелянела. Гэта небяспечна?3

Зяленскі: Пасля маёй сустрэчы з Трампам у нас можа з'явіцца нешта большае2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»29

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць