У Вілейцы выпускнікі прыехалі падзякаваць былой класнай, якая цяпер працуе на аўтазапраўцы — кранальнае відэа
Відэа з выпускнікамі, што прыехалі на аўтазапраўку падзякаваць сваёй былой класнай кіраўніцы, кранула карыстальнікаў тыктоку. Але разам з тым выклікала пытанні: чаму настаўніца, якую дзеці памятаюць і любяць, вымушаная працаваць на АЗС?
На відэа жанчына па імені Ганна Дзмітрыеўна, якая працуе на запраўцы, расплакалася, убачыўшы сваіх вучняў з кветкамі і падарункамі. У каментарыях людзі выказваюць захапленне дзецьмі і абурэнне сітуацыяй у сістэме адукацыі.
«Да дрэннага настаўніка дзеці не прыйшлі б, малайцы», — піша Анастасія.
«Гэта гаворыць пра тое, якая нізкая зарплата ў настаўніка, і якія высокія маральныя каштоўнасці ў дзяцей», — дадае Наталля.
«Сорам і ганьба чыноўнікам ад адукацыі, якія вымусілі настаўніцу, да якой цягнуцца дзеці, сысці з адукацыі!» — піша Алена.
«Цяпер шмат маладых і класных настаўнікаў пайшлі з адукацыі — ці іх прымусілі сысці. Бо ты павінен жыць як настаўніца, якой 60 гадоў», — дадае каментатар Сяргей.