БЕЛ Ł РУС

Прэзентавалі першы беларускі электрамабіль. Колькі каштуе?

25.05.2025 / 17:44

Nashaniva.com

Кампанія «БелДжы» 23 траўня ўпершыню афіцыйна паказала электрамабіль Geely EX-5, які сёлета пачалі збіраць у Беларусі.

Фота: OL

Прэзентацыя прайшла ў новым аўтасалоне «Точка». Гэты аўтацэнтр стаў чарговым дылерам марак Geely і Belgee, паведамляе Office Life.

На дату прэзентацыі ў аўтасалоны краіны паступіла 169 электракараў.

Па словах генеральнага дырэктара «БелДжы» Генадзя Свідзерскага, з нарошчваннем аб'ёмаў выпуску ніхто спяшацца не будзе. Па-першае, трэба вывучыць попыт на навінку ў Беларусі. А па-другое, каб продажы беларускага электракара пайшлі і на расійскі рынак, трэба гарманізаваць патрабаванні да электрамабіляў у дзвюх краінах.

Фота: Аўтацэнтр «Точка»

Тэхнічна Geely EX-5 — кампактны красовер даўжынёй каля 4,6 метра. Батарэя на 60,2 кВт⋅г дазваляе праехаць без падзарадкі да 430 км. Машына цалкам сертыфікавана ў Беларусі, вытворца дае на яе працяглую гарантыю — 6 гадоў.

Цяпер у продажы дзве камплектацыі па цане ад 73,9 тысячы да 79,9 тысячы рублёў.

У больш дарагім варыянце дадаткова да базавых опцый прадугледжаны: аўтаматычнае вечка багажніка, панарамны дах, масаж і вентыляцыя пярэдніх сядзенняў, больш дарагая гума і некаторыя электронныя памочнікі.

Фота: OL

Што тычыцца новага аўтацэнтра, то яго ўладальнікам з'яўляецца Кампанія «РК Паўэр Мотарс». Гэта новы гулец на беларускім аўтарынку. Дырэктарам «Точкі» стаў Дзмітрый Ігнатовіч — у мінулым топ-менеджар аднаго з аўтацэнтраў «Атлант-М».

Адносна перспектыў вытворчасці электрамабіляў Генадзь Свідзерскі сказаў, што гэта будзе залежаць у асноўным ад магчымасці паставак у Расію. Тэарэтычна ў гэтую краіну «БелДжы» гатовая прадаваць каля тысячы Geely EX-5. Што тычыцца беларускага рынку, то аб'ёмы продажаў на ім будуць залежаць ад таго, захаваюць ільготы на ўвоз імпартных электрамабіляў у Беларусі ці не.

Дарэчы, сёлета на «БелДжы» пачнуць зборку гібрыдаў. Цяпер гэты аўтамабіль праходзіць выпрабаванні, і да канца года яго ўжо плануюць вывесці на рынак.

Чытайце таксама:

Параўналі цэны на аўтамабілі беларускай і расійскай вытворчасці ў Беларусі і Расіі. Розніца вас здзівіць

Дырэктар завода «БелДжы» расказаў, колькі аўто яны прадаюць у Расію

«БелДжы» ў наступным годзе пачне выпускаць метанавыя аўтамабілі

Першыя аўтацэнтры беларускага брэнда Belgee адкрыліся ў Мінску

Каментары да артыкула