БЕЛ Ł РУС

Браніслава Тарашкевіча катавалі і змусілі даць паказанні на 249 чалавек. Знайшлі адпаведны дакумент

26.05.2025 / 17:25

Nashaniva.com

У Архіве актаў новых у Варшаве знойдзена копія дакумента з архіва КДБ, паводле якога Браніслава Тарашкевіча пасля смяротнага прысуду 5 студзеня 1938 года амаль 10 месяцаў утрымлівалі ў асобным рэжымным корпусе НКВД, дзе пад катаваннямі змусілі даць паказанні на 249 чалавек, паведамляе Беларускі інстытут публічнай гісторыі.

Браніслаў Тарашкевіч

Корпус у гарадской турме арганізаваў кіраўнік аднаго з аддзелаў НКВД БССР Аляксандр Гепштэйн з санкцыі наркама Барыса Бермана і дазволу Масквы. Тут утрымліваліся 270 чалавек, ад якіх «шляхам збіцця і катаванняў» атрымлівалі «дадатковыя сведчанні» на іншых асобаў. Толькі 38 вязняў корпусу, у тым ліку Тарашкевіч, далі паказанні на 3489 чалавек.

У корпусе ствараліся асабліва цяжкія ўмовы для тых, хто «не прызнаваўся». Тыя, хто «прызнаваўся» і даваў «паказанні», ставіліся ў прывілеяваныя ўмовы і атрымлівалі ўзмоцненую пайку. Наглядчыкам корпуса быў нехта Алекаў.

29 лістапада 1938 г. зняволеных корпуса незаконна расстралялі, акты аб выкананні прысудаў падрабілі і аформілі заднім чыслом.

Чытайце таксама:

Стала вядома імя аднаго з катаў паэта Міхася Чарота

У Вільні пасля рамонту вярнулі на дом шыльду Браніслава Тарашкевіча ФОТА

«Забіць упалмінзага». Зміцер Бартосік пра сваю новую кнігу

Каментары да артыкула