Здымкі са спадарожнікаў сведчаць пра расійскія праблемы з папаўненнем запасаў вайсковай тэхнікі
Спадарожнікавыя здымкі засведчылі, што на складзе Омскага аўтабранятанкавага інстытута практычна скончыліся запасы вайсковай тэхнікі, заўважыў украінскі рэсурс Militarnyi.
У 2021 годзе на гэтай пляцоўцы захоўвалася каля 120 танкаў, 89 БТРаў, 41 БМП і 54 гарматы «Рапіра», але на здымках за красавік 2025 года бачна, што ўся гэтая тэхніка ўжо вывезена. Засталося толькі некалькі дзясяткаў грузавікоў і інжынерных машын.
Гэты інстытут — адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў Расіі, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне рамонту і абслугоўвання бранятэхнікі. Тое, што тэхніку пачалі забіраць нават са складоў навучальных устаноў, сведчыць пра сур'ёзныя праблемы з запасамі ў расійскай арміі.
Тэхніка, што захоўвалася на базе Омскага автабранятанкавага інстытута. Фота: @hizzo_jay
Аналітыкі зафіксавалі, што тэмпы рамонту і вяртання танкаў у строй з 2022 па 2025 год значна знізіліся. Калі раней штогод раскансервоўвалі тысячы танкаў, то за апошні год толькі 342. Усё гэта сведчыць пра тое, што расіянам цяжка знаходзіць для рамонту тэхніку ў добрым стане, і заводы працуюць павольней.
Да пачатку 2025 года на асноўных базах заставалася толькі каля 3,5 тысячы танкаў, пры гэтым колькасць танкаў у рамонце на заводах пачала змяншацца.
Выпуск новых танкаў таксама вельмі нізкі — напрыклад, Т-90М вырабілі толькі 164 адзінкі за тры гады. Гэта недастаткова, каб пакрыць страты на вайне.
Чытайце таксама:
Пуцін ужо перамалоў амаль усю спадчыну савецкага ВПК. Ці зменшыць гэта інтэнсіўнасць вайны?
Знясіленыя вайной. Захад яшчэ дапамагае Украіне трымацца, але ўжо не дапамагае перамагаць
Разведка Украіны: Беларуская армія не здольная на маштабныя баявыя дзеянні