БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Літвы пазбавіў палітыка, які нядаўна ездзіў у Мінск, дзяржаўнай узнагароды

27.05.2025 / 17:7

Nashaniva.com

Па прапанове Рады па дзяржаўных узнагародах прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў указ аб выключэнні былога кандыдата ў прэзідэнты Літвы Эдуардаса Вайткуса са спісу кавалераў ордэна Гедыміна, піша Delfi.lt.

Эдуардас Вайткус. Фота: Lrt.lt

Вайткуса пазбавілі ўзнагароды, якой яго ўзнагародзілі больш за 20 гадоў таму, у 2004 годзе. Тады прэзідэнт Раландас Паксас уручыў яму Афіцэрскі крыж ордэна вялікага князя літоўскага Гедыміна.

Аднак апошнім часам Вайткус праславіўся пракрамлёўскімі выказваннямі і заявамі, якія, на думку літоўскіх уладаў, ганьбяць імя краіны. Асаблівую рэакцыю выклікала ягоная заява на прэс-канферэнцыі ў Мінску, дзе ён сцвярджаў, што ў Літвы няма законнага прэзідэнта. Пасля гэтага паліцыя пачала расследаванне па артыкуле Крымінальнага кодэкса за дзеянні супраць дзяржавы.

Эдуардас Вайткус прыязджаў у Мінск на запрашэнне праўладнай партыі «Белая Русь». Ён даў у сталіцы Беларусі прэс-канферэнцыю і выступіў на Беларускім тэлебачанні.

Акрамя заявы аб нелегітымнасці літоўскага прэзідэнта, Вайткус паведаміў, што Літва ідзе «шляхам знішчэння літоўцаў і літоўскай дзяржаўнасці», а таксама выказаўся супраць падтрымкі Літвой беларускага дэмакратычнага руху.

Эдурдас Вайткус удзельнічаў і ў парламенцкіх, і ў прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ў Літве. Ён узначаліў спіс Літоўскай народнай партыі на парламенцкіх выбарах, але партыя не пераадолела выбарчага бар'ера.

Кандыдатам у прэзідэнты Літвы палітык атрымаў значную падтрымку ў такіх рэгіёнах Літвы, як Салечнікі і Вісагінас, дзе яго перадвыбарчыя матэрыялы распаўсюджваліся на рускай мове. Яго агульны вынік — 7,31% і пятае месца.

Цяпер Вайткус працягвае сваю палітычную дзейнасць, спрабуючы стварыць партыю «Новая палітычная сіла».

Чытайце таксама:

У Літве юрыдычна ацэняць выказванні Эдуардаса Вайткуса ў Мінску

Літоўскі прарасійскі палітык наведаў Мінск і заявіў, што ў Літве «няма легітымнага прэзідэнта»

Лукашэнкафэрштэеры не прайшлі ў парламент Літвы

Кандыдат, што праводзіў прарасійскія наратывы, перамог у раёнах Літвы, якія мяжуюць з Беларуссю

Каментары да артыкула