Сілавікі пагражаюць коміку Усовічу, які прыехаў адпачыць на Нарач
Новай вядомай асобай, на якую лукашэнкаўскія сілавікі і прапагандысты пачалі атаку, стаў комік Ваня Усовіч, які цяпер жыве і выступае ў Расіі, але прыехаў адпачыць на радзіму.
ГУБАЗіК скарыстаў як нагоду нядаўні пост у інстаграме, у якім паказана, як Усовіч разам са сваім расійскім калегам Багданам Лісеўскім адпачываюць на Нарачы, дзе, як жартуе Ваня, «нават не прымушаюць відосы запісваць». Сілавікі пагражаюць яму, што наступны раз адпачне ў Беларусі як мінімум 5 гадоў, дэманструючы відэа 2020 года, у якіх Іван Усовіч выступае ў падтрымку Святланы Ціханоўскай і гаворыць пра тое, што ўсё могуць змяніць масавыя пратэсты.
«Можна адказаць за свае словы і «адпачыць» гадоў 5 або паўтарыць лёс Камісаранкі», — ва ўнісон ГУБАЗіКу гаворыць прапагандыст Рыгор Азаронак.
У якасці абвінавачвання Усовічу выстаўляюць словы, сказаныя ў 2020-м — калі ён заклікаў галасаваць за Святлану Ціханоўскую і выказваўся супраць Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв'ю Юрыю Дудзю:
«Адзін чувак ва ўладзе ўжо 600 гадоў. Мне больш за ўсё незразумела тое, што адзінае, за што ён топіць, называючы сябе крутым, — што ў краіне няма вайны», — казаў тады Усовіч.
Таксама ён расказваў, што ў жніўні 2020-га ягоны брат правёў чатыры дні на Акрэсціна і быў збіты.
Фота: Ваня.usovich / Instagram
Калі ж пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, ад Усовіча ўжо не дачакаліся такіх публічных выказванняў — больш за тое, ён працягнуў даваць канцэрты ў Расіі. Там ён жыве і цяпер.
Чытайце таксама:
Прарасійскія актывісты пачалі цкаваць Юрыя Жыгамонта, які вярнуўся на ютуб з «Падарожжамі дылетанта»
Беларусы, якія сталі зоркамі ў Расіі: што з імі стала за час поўнамаштабнай вайны?
Ільін — пра Камісаранку, Усовіча, Пратасевіча, размову з КДБ і чаму не любіць Каца