Блогер Сяргей Бяспалаў расказаў, чаму ажаніўся летась, а адсвяткаваў гэта толькі цяпер
Сяргей Бяспалаў выклаў у інстаграме фотаздымкі са свайго вяселля. Ён распавёў «Нашай Ніве», што зрабіў свята для сваякоў і сяброў у прыгожую дату, але ж насамрэч ажаніўся яшчэ летась.
Сяргей Бяспалаў з жонкай Кацярынай. Фота з сямейнага архіва
З будучай жонкай Кацярынай Сяргей пазнаёміўся ў Кіеве ў 2021 годзе. Сама дзяўчына — украінка.
— Мы ўпершыню сустрэліся ў клубе. Каця тады была дыджэем, працавала ў маркетынгу. Вось з таго моманту і пачалося каханне. 4 лютага 2022 года я запрасіў яе на свой дзень нараджэння і тады ўпершыню пацалаваў. На жаль, літаральна праз некалькі тыдняў пачалася поўнамаштабная вайна. Каці прыйшлося выехаць да сваіх бацькоў у Вінніцкую вобласць.
Таму далей два месяцы пара магла толькі перапісвацца. Сяргей пайшоў служыць у полк «Азоў» у беларускую роту.
— Яна нават казала «Не ідзі!». А я адказваў, што не, што я буду як журналіст пісаць пра беларусаў, якія ваююць за Украіну. Калі адышлі рускія з-пад Кіева, прыкладна ў красавіку, Каця прыехала і мы пачалі жыць разам. Я тады ўжо мог выязджаць з базы.
Пасля пара вырашыла выехаць у Польшчу і там будаваць жыццё. Прапанову рукі і сэрца Сяргей зрабіў у 2023 годзе падчас адпачынку з каханай. Для гэтай рамантычнай падзеі ён абраў гару Гевонт.
— Гэта было 30 жніўня — 31-га ў Каці дзень нараджэння. Я вырашыў у самай высокім месцы гары зрабіць каханай прапанову. Гаварыў на беларускай мове. Вядома, вельмі хваляваўся. А яна не адразу зразумела, ці не жартую я. У Каці быў шок. Але яна адказала: «Так!».
Афіцыйна аформіць адносіны ў Польшчы беларусу і ўкраінцы было складана, таму летась у сакавіку закаханыя спецыяльна паляцелі ў Грузію, дзе і пабраліся шлюбам.
— Але, на жаль, тады былі падзеі, якія азмрочылі нашу радасць. У лютым далі суткі маёй маці, потым тату адправілі на Акрэсціна. Мы вырашылі трошкі пачакаць са святам.
Потым Сяргей змог перавезці бацькоў з Беларусі, пара легалізавала свой шлюб у Польшчы.
— І вось мы вырашылі, што чакаць больш няма чаго, і абралі прыгожую дату для свята — 25.05.2025. Святкаваць вырашылі ў Беларускім доме ў Варшаве — гаспадар сказаў, што ў іх яшчэ ніколі не было вяселляў. Усё прайшло цудоўна: блізкія людзі, душэўнае беларуска-ўкраінскае свята… Адзінае, жонка крыху прыхварэла перад гэтым, але ўсё роўна сыграла дыджэй-сэт у вясельнай сукенцы.
Чытайце таксама:
Анжаліка Агурбаш зноў выходзіць замуж
«Усё, можаце віншаваць»: спявачка і блогерка Лера Яскевіч выйшла замуж ФОТА
Усё больш пар рэгіструюць свае шлюбы з цырымоніяй па-беларуску
«Наш самы салодкі дзень». Марыя Васілевіч апублікавала ФОТЫ з вяселля