БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз зняў эканамічныя санкцыі з Сірыі

28.05.2025 / 15:43

Nashaniva.com

Еўрапейскі саюз афіцыйна адмяніў усе эканамічныя санкцыі, што раней былі накладзеныя на Сірыю, за выключэннем тых, што звязаныя з пытаннямі бяспекі, заявіла Еўрапейская рада.

Гэтая заява, як паведамляецца, замацавала палітычнае рашэнне, абвешчанае 20 мая 2025 года, скіраванае на падтрымку сірыйскага народа ў справе ўз'яднання і аднаўлення краіны як мірнай, інклюзіўнай і разнастайнай дзяржавы.

У прыватнасці, былі знятыя абмежаванні на фінансавыя актывы 24 сірыйскіх суб'ектаў, у тым ліку Цэнтральнага банка, СМІ і нафтавых кампаній.

Кая Калас, вярхоўная прадстаўніца ЕС па знешніх справах, адзначыла, што гэта правільнае рашэнне ў такі гістарычны момант і што Еўрасаюз працягне падтрымліваць Сірыю ў палітычным пераходзе да лепшай будучыні.

Разам з гэтым, Еўрасаюз працягнуў да 1 чэрвеня 2026 года персанальныя санкцыі супраць асоб і арганізацый, звязаных з былым кіраўніком Сірыі Башарам Асадам. Акрамя таго, уведзеныя новыя санкцыі супраць дзвюх фізічных і трох юрыдычных асоб за парушэнні правоў чалавека ў сувязі з хваляй гвалту ў Сірыі ў сакавіку гэтага года.

Еўрасаюз дэкларуе, што будзе і далей сачыць за сітуацыяй і гатовы ўводзіць новыя меры супраць тых, хто парушае правы чалавека або спрыяе нестабільнасці ў рэгіёне.

Чытайце таксама:

Трамп заявіў, што адменіць санкцыі супраць Сірыі

Трамп сустрэўся з часовым прэзідэнтам Сірыі

Башар Асад перад сваім звяржэннем вывез з Сірыі не менш за $500 тысяч і сакрэтныя дакументы

Нявесткай новага прэзідэнта Сірыі аказалася грамадзянка Расіі

Каментары да артыкула