БЕЛ Ł РУС

У Германіі адмяняюць нядаўна ўведзеную магчымасць «экспрэс-натуралізацыі»

28.05.2025 / 15:52

Nashaniva.com

Урад Германіі зацвердзіў законапраект, які адмяняе магчымасць атрымаць грамадзянства краіны паскораным шляхам — праз тры гады жыцця ў ёй. Цяпер гэты дакумент накіраваны на разгляд у бундэстаг, паведамляе Deutsche Welle.

Фота: Ulrich Zillmann/FotoMedienService/picture alliance

Такая мера стала часткай пагаднення паміж кансерватарамі (ХДС/ХСС) і сацыял-дэмакратамі, якія ўтвараюць новую кіруючую кааліцыю пасля датэрміновых выбараў у лютым.

Міністр унутраных спраў Германіі Аляксандр Добрынт, які прадставіў законапраект, лічыць, што «экспрэс-натуралізацыя», уведзеная ранейшым урадам (сацыял-дэмакраты, «зялёныя» і лібералы), была памылковым рашэннем.

Паводле яго, грамадзянства павінна быць завяршэннем працэсу інтэграцыі, а не стартам. Ён сцвярджае, што трохгадовы тэрмін недастатковы для поўнай інтэграцыі ў нямецкае грамадства.

Таксама законапраект прадугледжвае абмежаванні на сямейнае ўз’яднанне для асобных груп бежанцаў. Добрынт упэўнены, што гэтыя змены дапамогуць знізіць колькасць ахвотных атрымаць прытулак у Германіі, бо «экспрэс-грамадзянства» нібыта стварала дадатковыя матывы для нелегальнай міграцыі.

Законапраект яшчэ павінен быць ухвалены не толькі Бундэстагам, але і Бундэсратам — прадстаўніцтвам федэральных земляў. Папярэдняя працэдура заняла каля дзесяці месяцаў, таму на ўступленне закона ў сілу спатрэбіцца час.

Чытайце таксама:

Беларусы ў Польшчы атрымліваюць дзіўныя лісты з патрабаваннем пакінуць краіну цягам 10 дзён

У ЕС узгаднілі адмену штампаў на мяжы Шэнгену

«Гісторыя нас навучыла». Берлін адказаў на нападкі адміністрацыі Трампа з-за прызнання АдГ экстрэмістамі

На якіх умовах беларусы могуць атрымаць грамадзянства Іспаніі, Партугаліі, Германіі і іншых краін

З лета можна будзе ўзяць грамадзянства Германіі, не адмаўляючыся ад беларускага

Каментары да артыкула