Украіна перадала свой мемарандум Расіі на ўкраінскай і англійскай мовах
Расійскі бок свой варыянт мемарандума так і не перадаў.
Ramil Sitdikov, Sputnik Pool Photo via AP
Кіраўнік расійскай дэлегацыі ў Стамбуле Уладзімір Мядзінскі заявіў, што Украіна перадала свой мемарандум — на ўкраінскай і англійскай мовах, піша «Медуза».
Паводле слоў Мядзінскага, якога цытуе тэлеканал RT, расійскі бок атрымаў ад Украіны мемарандум аб мірным пагадненні на дзвюх мовах — украінскай і англійскай. «Нічога, мы справіліся. У нашай дэлегацыі людзі, якія ведаюць самыя розныя мовы. Калі што, двое свабодна валодаюць японскай», — заявіў Мядзінскі.
Напярэдадні Reuters апублікаваў поўны тэкст мірных прапаноў, якія дэлегацыя Украіны мае намер прадставіць расійскаму боку на другім раундзе перамоваў у Стамбуле.
Расійскі бок свой варыянт мемарандума так і не перадаў — і, паводле звестак крыніцы «Інтэрфакса», плануе зрабіць гэта непасрэдна на перамовах. Кіеў некалькі разоў заклікаў расійскі бок перадаць свой дакумент загадзя, каб абмеркаванне было прадметным. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гаварыў, што гэта «выглядае не вельмі сур’ёзна».