БЕЛ Ł РУС

Апублікаваны поўны тэкст мірных прапаноў Украіны, якія Кіеў прадставіць на перамовах у Стамбуле

2.06.2025 / 8:39

Nashaniva.com

Агенцтва Reuters апублікавала поўны пераклад украінскай «дарожнай карты», якую ўкраінская дэлегацыя плануе прадставіць Расіі падчас другога раўнду перамоў у Стамбуле, прызначанага на 2 чэрвеня. Расія заяўляе, што таксама падрыхтавала ўласны мемарандум, у якім апісвае «ўсе аспекты надзейнага пераадолення першапрычын крызісу», але адмовілася перадаць яго Украіне загадзя ці апублікаваць у прэсе.

Фота: Andriy Andriyenko / Ukraine's 65th Mechanized Brigade via AP

Украіна-Расія: Рамкі перамоў

I. Асноўныя прынцыпы Пагаднення і перамоўнага працэсу

• Поўнае і безумоўнае спыненне агню ў небе, на сушы і на моры як неабходны фон і перадумова для мірных перамоў.

• Меры па ўмацаванні даверу — вырашэнне гуманітарных пытанняў: безумоўнае вяртанне ўсіх дэпартаваных і незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей. Абмен усімі зняволенымі (паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх»). Вызваленне Расіяй усіх цывільных закладнікаў.

• Непаўтарэнне агрэсіі: мэтай перамоў з’яўляецца аднаўленне сталага падмурку для трывалага міру і бяспекі, а таксама забеспячэнне таго, каб агрэсія не паўтарылася зноў.

• Гарантыі бяспекі і ўдзел міжнароднай супольнасці: Украіна павінна атрымаць моцныя гарантыі бяспекі. Бакі запросяць міжнародную супольнасць удзельнічаць у перамовах і забяспечваць выкананне пагадненняў.

• Суверэнітэт: Украіна не абавязана быць нейтральнай. Яна можа выбіраць належнасць да еўраатлантычнай супольнасці і імкнуцца да сяброўства ў ЕС. Сяброўства Украіны ў НАТА залежыць ад кансенсусу ўнутры Альянсу. Не дапускаюцца ніякія абмежаванні адносна колькасці, размяшчэння або іншых параметраў Узброеных сіл Украіны, а таксама размяшчэння войскаў дружалюбных замежных дзяржаў на тэрыторыі Украіны.

• Тэрытарыяльныя пытанні: тэрытарыяльныя здабыткі Расіі, зробленыя з лютага 2014 года, не прызнаюцца міжнароднай супольнасцю. Лінія сутыкнення з’яўляецца адпраўной кропкай для перамоў. Тэрытарыяльныя пытанні абмяркоўваюцца толькі пасля поўнага і безумоўнага спынення агню.

• Санкцыі: пэўныя санкцыі могуць быць знятыя з Расіі, але паступова і паэтапна, з механізмам вяртання санкцый пры неабходнасці (механізм snapback). Замарожаныя расійскія суверэнныя актывы выкарыстоўваюцца для аднаўлення Украіны ці застаюцца замарожанымі да выплаты рэпарацый.

• Выкананне: узгадніць выразную, збалансаваную і дасягальную дарожную карту па выкананні і кантролі за выкананнем пагадненняў.

II. Наступны крок — узгадненне спынення агню і парадку дня сустрэчы лідараў

• Пасля сустрэчы ў Стамбуле бакі працягваюць перамовы, якія павінны быць засяроджаныя на: (1) поўным і безумоўным спыненні агню: яго ўмовах і маніторынгу; (2) мерах па ўмацаванні даверу; (3) падрыхтоўцы, узгадненні парадку дня і структуры будучых перамоў лідараў па ключавых тэмах.

• Перамовы праводзяцца пры ўдзеле ЗША і Еўропы.

III. Спыненне агню

• Поўнае і безумоўнае спыненне агню ў небе, на сушы і на моры хаця б на 30 дзён (з магчымасцю працягнення кожныя 30 дзён) як неабходная перадумова для мірных перамоў.

• Маніторынг спынення агню, які ўзначальваецца ЗША і падтрымліваецца трэцімі краінамі.

IV. Меры па ўмацаванні даверу

• Пасля паспяховага абмену ваеннапалоннымі пасля перамоў у Стамбуле, бакі працягваюць працэс абмену ваеннапалоннымі (паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх»).

• Пагадненне аб безумоўным вяртанні Расійскай Федэрацыяй усіх дэпартаваных і перамешчаных украінскіх дзяцей, а таксама вызваленні Расіяй усіх цывільных зняволеных. Гэтыя меры павінны ўключаць усе катэгорыі асоб, пачынаючы з лютага 2014 года.

V. Сустрэча лідараў

• Лідары Украіны і Расіі сустракаюцца для ўзгаднення ключавых аспектаў канчатковага мірнага пагаднення.

• Ключавыя тэмы мірнага пагаднення, якія павінны быць узгодненыя лідарамі:

  1. Пастаяннае і поўнае спыненне вайсковых дзеянняў: умовы, маніторынг, санкцыі за парушэнні.

  2. Гарантыі бяспекі і непаўтарэнне агрэсіі.

  3. Тэрытарыяльныя пытанні.

  4. Эканоміка, кампенсацыі, аднаўленне.

  5. Пакаранне за парушэнне пагадненняў.

  6. Заключэнне канчатковага мірнага пагаднення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула