«Мы ж не ведалі, што там знаходзіцца аэрадром». Беларус Антон Мацкевіч патлумачыў, чаму спрабаваў спыніць украінскія дроны з фуры
Беларус Антон Мацкевіч у інтэрв'ю дзяржаўнаму каналу патлумачыў, чаму спрабаваў спыніць дроны, што выляталі з фур у Іркуцкай вобласці для атакі на вайсковыя аэрадромы.
Антон кажа, што справа была на стаянцы, і на стаянцы была запраўка.
«Першай справай мы адганялі ўсе машыны ад яе, каб быў доступ да запраўкі», — кажа ён.
Потым прыехала патрульная служба. Паліцэйскія паспрабавалі збіць дроны аўтаматнымі чэргамі, але ў іх не атрымалася.
Потым прыехаў нейкі палкоўнік, які кіраваў відавочцамі.
«Ён залез у кузаў прычэпа зверху, паглядзеў — там сапраўды былі дроны.
Папрасіў дапамогі, і, зразумела, мы пачалі выкарыстоўваць усё, што было пад рукой: кавалкі асфальту, брускі, камяні. Мы прыносілі іх да машыны і закідвалі — ціснулі гэтыя дроны, накладвалі на лопасці, на вінты, каб яны не змаглі ўзляцець. Наша першая задача была — не даць ім пакінуць грузавік», — расказаў мужчына.
У нейкі момант палкоўнік закрычаў, што трэба ўцякаць. «Я так зразумеў, што беспілотнік пачаў падымацца, але не змог. Мы адбеглі ад машыны, і прыкладна праз 30 секунд адбыўся выбух», — кажа Антон.
Палкоўнік прыкладна палічыў, што ў машыне знаходзілася каля 20 беспілотнікаў — «можа больш, можа менш».
«Мы ўжо потым усвядомілі, што яны маглі накрыць і нас. Нас там таксама было нямала, але, ведаеце, у першую чаргу думалі: а раптам побач дзеці, жанчыны, мужчыны? Мы ж не ведалі, што там аэрадром і куды яны ляцяць. І наша галоўная задача была — максімальна хутка і эфектыўна перашкодзіць іх узлёту і ўсім наступствам. Таму мы дзейнічалі зладжана і аператыўна», — кажа беларус.
1 чэрвеня Украіна правяла масіраваную атаку на вайсковыя аэрадромы Расіі. Дроны падвезлі да аэрадромаў у фурах.
Чытайце таксама:
Генштаб Украіны: У нядзелю паразілі 12 расійскіх самалётаў
Кіроўцы фур з дронамі, што атакавалі расійскія аэрадромы, расказалі, хто і навошта іх наняў
«Рускі Пёрл-Харбар». Z-каналы ў шоку ад украінскай атакі на расійскія аэрадромы
Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю