БЕЛ Ł РУС

«Я ведаю, што на гэтай вайне я здохну. Але хачу стварыць нармальны штуршок руху»: выйшла другая частка фільма «Волат. Жыццё на нулі»

6.06.2025 / 8:0

Nashaniva.com

У другую частку фільма «Волат. Жыццё на нулі» ўвайшлі дакументальныя кадры трэцяга дня аперацыі па вызваленні сяла Калініндорф на стыку Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей. Гэта дакладны і бязлітасны запіс франтавой рэальнасці.

Павел «Волат» Суслаў (справа). Скрын відэа: BelarusFreedomFighters / YouTube

Працяг дакументальнага фільма пра Паўла «Волата» Суслава — гэта не проста сведчанне вайны. Гэта размова пра адказнасць, палітыку, чалавечнасць. І тое, праз што праходзяць беларускія добраахвотнікі.

Ранак трэцяга дня пачынаецца з таго, што Волат зноў выводзіць групу ў разведку, а аўтар фільма застаецца на пазіцыях. Там ён выпадкова сустракае Івана «Брэста» Марчука — аднаго з самых вядомых беларускіх байцоў, які стаў тварам беларускага руху добраахвотнікаў ва Украіне. Той адразу ж заводзіць сур’ёзную размову з аўтарам адносна якасці таго матэрыялу, які размяшчаецца ў інтэрнэце.

«Трэба паказваць свой нармальны, гуманны твар новай Беларусі. Толькі тады ў Беларусі нешта можна будзе змяніць. Інакш самых ініцыятыўных папросту паперастрэльваюць там, а астатнія будуць танцаваць пад дудку новай улады, якая будзе. І ты нічога не зменіш».

Брэст гаворыць з роспаччу, але ўпэўнена. Ён не мае ілюзій, што вернецца дадому.

«Я ведаю, што на гэтай вайне я здохну. Але хачу стварыць нармальны штуршок руху. Нармальны вектар. А тое, што ствараеце вы — гэта лагер піянераў. Вы ганьбу ладзіце ў гэтай я*** сетцы. Трэба імідж ставаць нармальны. Трэба, каб людзі думалі пра нас, не проста пра нармальных людзей, а пра тых, хто сапраўды ў будучыні зможа змяніць краіну. (…) Каб батальён стаў сапраўды нейкай палітычнай сілай, разумееш? А для гэтага патрэбны нармальны імідж».

Трэція суткі «на нулі»

Аўтар фільма падрабязна паказвае, як выглядае франтавое жыццё. Дзень пачынаецца з таго, што ён варыць «нейкую барматуху» ў бляшанцы ад кансерваў. Затым — мые ногі ў калодзежнай вадзе.

«Волат заўсёды сачыў за гігіенай і чакаў гэтага ад сваіх байцоў. Ён распавядаў шмат гісторый пра тое, як байцы месяцамі маглі не мыцца, не вылазячы з бліндажоў, і з-за гэтага ў іх развіваліся розныя хваробы, а таму, зразумела, зніжалася баяздольнасць падраздзялення», — прыгадвае аўтар.

Скрын відэа: BelarusFreedomFighters / YouTube

На трэці дзень праціўнік змог вылічыць пазіцыі. У небе ўвесь час вісяць расійскія беспілотнікі. Вораг абстрэльвае дакладней, чым раней. Гэта ўжо не мінамёты, а, магчыма, ствольная артылерыя або танк.

«Адчувалася, што ў параўнанні з папярэднім днём, працуюць значна бліжэй і прыцэльна па нас. Я адчуваў, як трасецца зямля, як галінкі і пясок, аскепкі падаюць недзе зусім побач», — дзеліцца аўтар.

У нейкі момант снарад трапляе ў склад з боепрыпасамі. У пажары згарэла зарадная станцыя і частка батарэі для рацыі.

Ад трагедыі выратавала выпадковасць: адзін з байцоў напярэдадні прылёту вынес частку боекамплекту ў іншае памяшканне. Але сітуацыя крытычная. Усе разумеюць: зараз яны ў полі зроку дронаў, і вораг ведае іх пазіцыі.

Сярод байцоў, што пайшлі з Волатам у разведку, ёсць паранены. Вярнуўшыся ў вёску і ацаніўшы сітуацыю, камандзір прымае рашэнне перамясціць усіх у падвал. Там ужо жыве Санько — адзіны мірны жыхар у вёсцы.

А ўвечары Волат ізноў вядзе групу ў разведку. Батарэя радыёстанцыі, якую яны бяруць з сабою, амаль разраджаная, таму ўключаць яе рашаюць толькі пры крайняй неабходнасці.

Аўтар фільма заступае на начное дзяжурства.

«Пятніца, трынаццатага. Я сказаў: «Спадзяюся, перажывём гэту ноч». Тады я яшчэ не ведаў, што наступныя дні будуць апошнімі для нашага камандзіра».

Чытайце таксама:

«Волат. Жыццё на нулі»: дакументальны фільм памяці легендарнага камандзіра

Былы спецназавец. Кім быў ротны «Волат» з батальёна Каліноўскага

Дзяніс «Ваўкалак» Урбановіч расказаў жахлівую праўду пра вайну — пра свае пяць раненняў і 33 кантузіі, забітых таварышаў і гатоўнасць ваяваць

Каментары да артыкула