БЕЛ Ł РУС

«У людзей шок ад данатаў на вайну». Супрацоўнік беларускай юрасобы «Леста» расказаў пра настроі ў калектыве

3.06.2025 / 21:42

Nashaniva.com

Расійскі суд прызнаў кампанію-выдаўца папулярнай гульні «Свет танкаў» экстрэмісцкай. Пасля ў афіцыйных сацсетках «Леста гульняў» з'явіліся публікацыі аб падтрымцы Узброеных сілаў Расіі. Гэтай жа фірме належыць юрасоба ў Беларусі — «Гейм Стрым». Яе супрацоўнік распавёў «Люстэрку» пра настроі ў калектыве.

Ілюстрацыя: «Леста гульні» / lesta.games

Пра навіны аб судзе супраць кампаніі і тым, што «Леста гульні», а значыць і беларускі «Гейм Стрым», пераходзяць да расійскай дзяржавы Уладзімір і яго калегі даведаліся з медыя.

Па яго словах, увесь час, пакуль цягнулася разбіральніцтва, кампанія працавала ў штатным рэжыме.

«Нам з самага пачатку наогул нічога не сказалі (абвінавачванне ў экстрэмізме з'явілася яшчэ ў канцы красавіка — НН). Ва ўнутраным афіцыйным інфаполі як быццам нічога не адбываецца. Толькі абмеркаванні калег паміж сабой. Ніякай інфармацыі зверху няма, максімальна штатны рэжым працы, выплаты заробкаў», — падзяліўся суразмоўца.

Па словах мужчыны, меркаванні падзяліліся: хтосьці думае, што нічога не зменіцца, хтосьці рыхтуе шляхі адступлення, хтосьці проста чакае. Прычым акрамя навіны аб нацыяналізацыі шмат пытанняў выклікаюць і іншыя падрабязнасці:

«У часткі людзей шок ад падрабязнасцяў данатаў на вайну, што сталі вядомы. Усе гады любая фіча рабілася з пазіцыі максімальна нейтральнай і мінімізацыі мілітарызму (наколькі гэта магчыма для дадзенага прадукту).

Інфармацыя, што яны данацілі эсвэошнікам, — ганьба, цэнзурна кажучы. Уявіце, як ведаць цяпер, што ты стаў спонсарам гэтага… вядома, мы разумелі, што падаткі плацяцца ў РФ, але інфармацыя, што паралельна робяць вось такое, ніколі не абвяшчалася», — расказаў ён.

3 чэрвеня расійскі суд занёс кампанію «Леста гульні» ў рэестр экстрэмістаў Расінфаманіторынгу, а юрыдычныя асобы кампаніі пастанавіў звернуць у даход дзяржавы.

Пасля прызнання «Леста гульні» «экстрэмісцкай» у Расіі кампанія пачала публікаваць пасты з падтрымкай расійскага войска.

Чытайце таксама:

Кампанію, якая развівае гульню «Свет танкаў», прызналі ў Расіі «экстрэмісцкай»

Кампанія-выдавец «Свету танкаў» публікуе інфармацыю аб сваёй падтрымцы Узброеных сіл Расіі

Каментары да артыкула