Кароткія тэксты ад штучнага інтэлекту замест спасылак — Google запусціў новую сістэму пошуку
Google радыкальна мяняе прынцыпы інтэрнэт-пошуку, укараняючы новую сістэму, заснаваную на генератыўным штучным інтэлекце. Расказваем, як яна працуе і чаму кампанія яе ўвяла.
Офіс кампаніі Google. Фота: tadviser.ru
У апошнія месяцы карыстальнікі з розных краін заўважылі істотную трансфармацыю, якая адбылася ў працы пошукавіка Google. Цяпер замест звыклай выдачы са спасылкамі на вэб-сайты ўверсе старонкі ўсё часцей з’яўляецца згенераваны тэкст — так званы «агляд ад штучнага інтэлекту» — AI Overview. Ён змяшчае кароткі адказ на запыт, складзены штучным інтэлектам на падставе інфармацыі з розных крыніц. Традыцыйны прынцып — выбіраць і чытаць першакрыніцы — саступае месца аўтаматычнаму рэзюмаванню, якое Google падае як гатовы вынік пошуку.
Упершыню гэтую функцыю кампанія прадставіла ў маі 2023 годзе, а роўна праз год яе змаглі ацаніць карыстальнікі ў ЗША. Паступова доступ да AI Overview атрымалі жыхары іншых краін, у тым ліку Беларусі.
Як гэта працуе
У адрозненне ад звыклай выдачы, функцыя «агляд ад штучнага інтэлекту» выкарыстоўвае перадавыя алгарытмы машыннага навучання для стварэння зводкі-рэзюме на аснове разнастайнага вэб-кантэнту. Спачатку Google-бот індэксуе вэб-старонкі і дадае іх у базу. Затым штучны інтэлект аналізуе запыт з улікам кантэксту, мовы, рэгіёна і прылады, пасля чаго абагульняе рэлевантную інфармацыю і выдае кароткі адказ — тэкст, спіс або табліцу.
Гэтая функцыя таксама ўключае спасылкі на крыніцы кантэнту, што гарантуе, што карыстальнікі могуць атрымаць доступ да больш падрабязнай інфармацыі непасрэдна з вэб-сайтаў.
Па заяве кампаніі, сістэма здольная адаптавацца да індывідуальных асаблівасцяў карыстальніка і паляпшацца дзякуючы зваротнай сувязі. Акрамя таго, Google працягвае развіваць пошук у фармаце дыялогу праз чат-бот Gemini, які ўбудоўваецца ў мабільнае прыкладанне.
Навошта гэта Google
Новая тэхналогія, на думку самой кампаніі, павінна аблегчыць пошук інфармацыі: замест пераходу па мностве спасылак карыстальнік адразу атрымлівае сціслую інфармацыю аб галоўным.
Аднак за тэхналагічным прарывам стаяць не толькі клопат аб карыстальніку, але і больш прагматычныя прычыны. Google аказаўся ў сітуацыі, калі яго манаполія ў сферы пошуку пачала даваць збоі.
У 2024 годзе ў шэрагу краін, уключаючы ЗША, доля Google упершыню за гады ўпала ніжэй за 90%, а давер да вынікаў пошуку знізіўся з-за празмернасці рэкламы, SEO-аптымізаванага смецця і прыярытэтнай выдачы пры пошуку буйных партнёрскіх сайтаў.
Адначасова ўзмацнілася канкурэнцыя. Bing прапанаваў карыстальнікам Copilot на базе тэхналогій OpenAI, Яндэкс — функцыю «Нейра», убудаваную ў пошукавік, а такія стартапы, як Perplexity, пачалі прыцягваць аўдыторыю празрыстымі і дакладнымі адказамі з указаннем крыніц.
Нават сам OpenAI, не маючы асобнага пошукавіка, дае карыстальнікам доступ да інфармацыі ў рэальным часе праз інтэграцыю Bing у ChatGPT. У такіх умовах Google быў змушаны паскорыць укараненне штучнага інтэлекту, каб захаваць увагу карыстальнікаў і спыніць адток аўдыторыі.
Што не так
Аднак запуск AI Overviews выклікаў не толькі цікавасць, але і хвалю крытыкі. Пасля свайго з'яўлення функцыя AI Overviews атрымала неадназначныя водгукі. Многія карыстальнікі ацанілі зручнасць атрымання імгненнай і актуальнай інфармацыі без неабходнасці праглядаць некалькі вынікаў пошуку. Аднак раннія версіі гэтай функцыі сутыкнуліся з крытыкай за недакладнасці, у тым ліку за выпадкі стварэння памылковага або бессэнсоўнага кантэнту.
Самы гучны выпадак адбыўся ў 2024 годзе, калі AI Overviews прапанаваў дадаць клей у піцу — гэты эпізод стаў вірусным і выклікаў недавер да тэхналогіі.
Прадстаўнікі Google прызнаюць, што сістэма недасканалая і стараюцца вырашыць падобныя праблемы, паляпшаючы праверку кантэнту і ўдасканальваючы алгарытмы, якія выкарыстоўваюцца для фільтрацыі ненадзейнай інфармацыі.
Яшчэ адна праблема — зніжэнне трафіку на арыгінальныя сайты. Калі раней карыстальнік клікаў на крыніцу, то зараз усё часцей абмяжоўваецца зводкай ад ШІ, не пакідаючы экасістэму Google.
Гэта ставіць пад пагрозу даходы медыя і ўладальнікаў кантэнту, асабліва ўлічваючы, што значная частка іх аўдыторыі паступала менавіта з пошуку. Пры гэтым Google не раскрывае, як менавіта выбіраюцца крыніцы для зводак, што спараджае падазрэнні ў прадузятасці і прыярытэце партнёрскіх рэсурсаў.
Істотнай праблемай з'яўляецца захаванне прыватнасці. AI Overviews выкарыстоўвае даныя карыстальнікаў, уключаючы гісторыю пошуку, месцазнаходжанне і іншыя метаданыя, для генерацыі адказаў. Гэта выклікае занепакоенасць адносна таго, як Google збірае і выкарыстоўвае асабістую інфармацыю. Пры гэтым карыстальнікі пакуль не маюць магчымасці цалкам адключыць AI Overviews у наладах пошукавіка.
Нягледзячы на гэта, Google працягвае нарошчваць функцыянальнасць, заснаваную на штучным інтэлекце. У маі 2025 года кампанія анансавала новыя інструменты генерацыі кантэнту і больш глыбокую інтэграцыю ШІ з рэкламнымі модулямі.
Такі курс падкрэслівае камерцыйную логіку новаўвядзенняў: чым даўжэй карыстальнік застаецца ў экасістэме, тым вышэйшы шанцы на манетызацыю.
Чытайце таксама:
Памятаеце, як Расія патрабавала ад Google ундыцыльёны? Цяпер штраф вырас да двух дуадыцыльёнаў
Заснавальнік Google Сяргей Брын заклікаў супрацоўнікаў працаваць па 60 гадзін у тыдзень
Еўрапейскія кампаніі адмаўляюцца ад амерыканскіх сэрвісаў праз Трампа