Авіякампаніі-лаўкосты хочуць прымусіць адмяніць даплату за чамадан у салоне
Спажывецкія арганізацыі з 12 еўрапейскіх краін далучыліся да судовай барацьбы Іспаніі супраць бюджэтных авіякампаній.
Фота: Getty Images
Як вядома, многія кампаніі-лаўкосты спаганяюць дадатковую плату за правоз у салоне багажу большага памеру, напрыклад, невялікага чамадану на колцах. Гэтыя зборы могуць адчувальна павялічыць кошт паездкі, асабліва для тых, хто імкнецца эканоміць.
Як піша Politico, у Іспаніі вырашылі, што з пасажыраў хопіць — і наклалі вялікі штраф на бюджэтныя авіякампаніі за плату за ручную паклажу. Цяпер спажывецкія арганізацыі з 12 еўрапейскіх краін далучыліся да судовай барацьбы Іспаніі супраць бюджэтных авіякампаній. І яна пагражае стаць юрыдычнай справай года.
У лістападзе 2024 года Міністэрства па справах спажыўцоў Іспаніі аштрафавала пяць лаўкост-кампаній на агульную суму 179 мільёнаў еўра. Падставай сталі, сярод іншага, непразрыстыя і несправядлівыя зборы за звычайную ручную паклажу, якую пасажыр бярэ з сабой у салон.
Кіраўнік Ryanair Майкл О’Ліры назваў іспанскага міністра Пабла Бустындуя «вар’яцкім іспанскім камуністычным міністрам» і нават паказаў яго кардонную фігуру ў выглядзе клоўна з надпісам «Я павышаю цэны». О’Ліры сцвярджае: калі забараніць збіраць плату за ручную паклажу, авіякампаніям давядзецца павысіць цэны на авіябілеты.
Міністр Пабла Бустындуй заявіў: «Калі ваша бізнэс-мадэль пабудавана на незаконнай практыцы, то праблема ў вашай бізнэс-мадэлі».
Ён адзначыў, што авіякампаніі не нясуць дадатковых выдаткаў за правоз такой паклажы, не нясуць адказнасці за яе, у адрозненне ад зарэгістраванага багажу. Міністр звярнуў увагу, што да 2021—2022 года гэтыя самыя кампаніі не патрабавалі такой платы, але ўжо тады былі прыбытковымі.
Паводле апошняй справаздачы, Ryanair зарабіла 4,7 мільярда еўра на «дадатковых паслугах» — зборы за ручную паклажу, выбар месца, прыярытэтную пасадку і іншае — гэта амаль трэцяя частка ўсіх даходаў кампаніі.
Спрэчка пра «ручную паклажу разумнага памеру»
Адстойваючы сваю пазіцыю Бустындуй спасылаецца на рашэнне Суда Еўрапейскага Саюза ад 2014 года, у якім гаворыцца, што за правоз ручной паклажы не можа спаганяцца дадатковая плата «пры ўмове, што такая ручная паклажа адпавядае разумным патрабаванням адносна вагі і памераў, а таксама адпавядае дзеючым патрабаванням бяспекі».
З таго часу дыскусія засяродзілася на тым, што з'яўляецца разумным, а што не з пункту гледжання памеру і вагі чамадана.
Авіякампаніі сцвярджаюць, што ўжо дазваляюць бясплатна правозіць адну невялікую сумку, напрыклад, заплечнік, што змяшчаецца пад сядзеннем, а плата спаганяецца за буйнейшыя рэчы.
Аднак абаронцы правоў спажыўцоў лічаць, што іспанскі штраф дэманструе іх рацыю. У канцы мая 2025 года спажывецкія арганізацыі з 12 краін ЕС (у тым ліку з Францыі, Італіі, Бельгіі, Германіі), пры каардынацыі Еўрапейскай арганізацыі спажыўцоў падалі скаргу ў Еўракамісію. Яны патрабуюць пачаць агульнае расследаванне ў дачыненні да Ryanair, EasyJet, Wizz Air, Transavia, Volotea, Vueling і Norwegian Airlines.
Што будзе далей?
Скарга супала з абмеркаваннем у ЕС рэформы правоў авіяпасажыраў. Некаторыя краіны хацелі б зрабіць выключэнні для бюджэтных авіякампаній, што выклікае вялікі непакой у спажывецкіх арганізацый.
Міністр Бустындуй перасцерагае: «Відавочна, што авіякампаніі зараз актыўна лабіруюць усімі сіламі змяненне заканадаўства ЕС і легалізацыю, напрыклад, гэтых збораў за ручную паклажу. Гэта непрымальна — ЕС не павінен адмаўляцца ад сваёй місіі абараняць правы спажыўцоў».
Еўракамісар па транспарце Апосталас Ціцікостас прапанаваў «добраахвотную дамоўленасць» паміж авіякампаніямі, каб вызначыць агульныя правілы. Але канкрэтных механізмаў пакуль няма.
Авіякампаніі абскарджваюць штрафы Іспаніі, але гэта справа можа перарасці ў новы стандарт для ўсяго ЕС.
Чытайце таксама:
Гендырэктара Ryanair патролілі ў рэстаране: у ягоны рахунак уключылі даплату за прастору для ног
Wizz Air адмовіў беларусцы з польскім праязным дакументам у пасадцы на рэйс на Кіпр