«Иль русский от побед отвык?» У цэнтры Мінска сёння дэкламавалі «Паклёпнікам Расіі» Пушкіна
Расійскія арганізацыі правялі «Пушкінскія чытанні» ў гонар дня нараджэння паэта. Прагучаў і ягоны антыеўрапейскі верш.
Скрыншот відэа «Спутнік»
Каля помніка Пушкіну ў цэнтры Мінска сёння чыталі вершы рускага паэта з нагоды ягонага дня нараджэння. Конкурс арганізавалі пасольства Расіі і Рускі дом. Вершы Пушкіна чыталі беларускія школьнікі і студэнты, студэнты з іншых краін, а таксама члены праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Меншыя школьнікі дэкламавалі вершы «Няні», «Зімовы вечар» і ўрыўкі з паэмы «Руслан і Людміла». Студэнты чыталі «Я помню чудное мгновенье», «Ліст Тацяны да Анегіна» і іншыя творы, піша «Спутнік».
Прагучаў на набярэжнай Свіслачы і верш «Паклёпнікам Расіі». Відэанарэзка з мерапрыемства пачынаецца менавіта з гэтых радкоў, якія чытае малады хлопец:
«Иль русского царя уже бессильно слово?
Иль нам с Европой спорить ново?
Иль русский от побед отвык?»
Верш «Паклёпнікам Расіі» Пушкін напісаў падчас паўстання 1830-1831 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве. Падчас аблогі царскімі войскамі Варшавы палітыкі ў Францыі пачалі заклікаць умяшацца і пачаць вайну супраць Расіі, каб падтрымаць імкненне патрыётаў аднавіць Рэч Паспалітую. Пушкін, які на той час ужо адышоў ад рэвалюцыйнага ідэалізму сваёй маладосці, выбухнуў рэзкім антыеўрапейскім творам.
У гэтым вершы паэт назваў паўстанне, як бы зараз сказалі, унутранай справай Расійскай імперыі:
«Что возмутило вас? волнения Литвы?
Оставьте: это спор славян между собою,
Домашний, старый спор, уж взвешенный судьбою».
Пушкін нагадаў французам пра перамогу над Напалеонам і пагразіў, выказваючыся сучаснай мовай, калектыўнаму Захаду жорсткім адказам за ўмяшанне ў паўстанне:
«Так высылайте ж нам, витии,
Своих озлобленных сынов:
Есть место им в полях России,
Среди нечуждых им гробов».
Верш ухваліў асабіста імператар Мікалай I, яго апублікавалі ў прапагандысцкай брашуры з нагоды задушэння паўстання.
На прапагандысцкі верш Пушкіна адрэагаваў ягоны сябар маладосці Адам Міцкевіч. Ён апублікаваў хвосткі твор «Да сяброў-маскалёў», дзе, не называючы імя, звярнуўся проста да Пушкіна:
«А кто поруган злей? Кого из вас горчайший
Из жребиев постиг, карая неуклонно
И срамом орденов, и лаской высочайшей,
И сластью у крыльца царёва бить поклоны?А может, кто триумф жестокости монаршей
В холопском рвении восславить ныне тщится?
Иль топчет польский край, умывшись кровью нашей,
И, будто похвалой, проклятьями кичится?»
У 2015 годзе радкі з «Паклёпнікаў Расіі» выбілі на пастаменце бюста Пушкіна ў Магілёве. Такі выбар аўтараў помніка выклікаў вялікі скандал. Часы былі крыху іншыя, і пасля рэзанансу ўлады прыбралі верш з пастамента. Нават нягледзячы на абурэнні прарасійскіх актывістаў.
З тых часоў, канешне, шмат чаго змянілася. У Беларусі сур'ёзна хочуць паставіць помнік душыцелю паўстання Івану Паскевічу, Аляксандр Лукашэнка атрымлівае з рук Уладзіміра Пуціна ордэн, які калісьці ўручалі «пакарыцелю краю» Мураўёву-Вешальніку, а ў цэнтры сталіцы гучыць «Иль русского царя уже бессильно слово?».