Увялі новыя правілы, якія рэгулююць гульнявы бізнэс
Аляксандр Лукашэнка 6 чэрвеня падпісаў указ «Аб дзейнасці ў сферы гульнявога бізнэсу», паведамляе прэс-служба палітыка. Асноўная заяўленая мэта дакумента — наводзіць парадак у галіне гульнявога бізнэсу і ўзмацніць кантроль за яго працай.
Фота ілюстрацыйнае
Указ уводзіць больш строгія правілы для ідэнтыфікацыі гульцоў. Цяпер зарэгістравацца ў інтэрнэт-казіно можна будзе толькі асабіста ў сапраўднай гульнявой установе або праз відэасувязь у інтэрнэце.
Запісы з камер відэаназірання будуць захоўвацца не 30, а 60 дзён. Таксама дазваляецца выкарыстоўваць гульнявыя аўтаматы, якім больш за 10 гадоў, але толькі калі яны адпавядаюць тэхнічным патрабаванням і ўключаныя ў дзяржаўны рэестр.
Уводзяцца новыя абмежаванні:
- забараняецца мець больш за адзін гульнявы рахунак;
- нельга гуляць па просьбе або даручэнні іншых асоб;
- арганізатарам забараняецца выдаваць грошы, карткі ці іншыя сродкі аплаты, калі ў кліента няма ўласных сродкаў;
- банкі і фінансавыя арганізацыі не могуць пералічваць грошы замежным арганізатарам азартных гульняў.
Каб прадухіліць махінацыі, выкарыстанне крыптавалюты для ставак і выйгрышаў будзе дазволена толькі праз кампаніі — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, якія працуюць як крыптаплатформы.
Таксама дакумент вызначае, як будуць правяраць, ці належаць грошы канкрэтнай асобе, каб дапусціць яе да ўдзелу ў гульні.
Чытайце таксама:
Віцебская бухгалтарка перавяла сабе на картку больш за 270 тысяч рублёў. Праўда, не для сябе
Беларусам могуць забараніць гуляць у замежных анлайн-казіно
У Мінску злодзей узломваў сейфы, каб гуляць у казіно
Дзяўчына папрасіла ў казіно больш яе не пускаць, а яе адправілі ў падатковую