У Гомелі сілавікі ўзнагародзілі таямнічых герояў. Хто яны?
5 чэрвеня Гомельскі аблвыканкам даў справаздачу аб «узнагароджанні прадстаўнікоў службаў і ведамстваў Гомельшчыны», не паведаміўшы прозвішчы ўзнагароджаных і не назваўшы нават тыя самыя «службы і ведамствы». Характэрна, што ўручалі ўзнагароды не толькі старшыня аблвыканкама, але і кіраўнікі сілавых ведамстваў — дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч і старшыня КДБ Іван Церцель. Такога раней не здаралася, заўважыў «Флагшток».
Аляксандр Вольфавіч віншуе Валерыя Стому. Фота: «Гомельщина официально»
У афіцыйным паведамленні адзначаецца, што невядомыя ўзнагароджаныя «за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў». Уручаныя ўзнагароды «па даручэнні прэзідэнта тым, хто эфектыўна выконваў і працягвае выконваць значныя дзяржаўныя задачы». Якія менавіта — засталося загадкай.
На апублікаваных фота і відэа «Флагшток» пазнаў не толькі чыноўнікаў. Аказалася, што сярод узнагароджаных — шэраг медыкаў. Напрыклад, гэта загадчык таксікалагічнага аддзялення Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Валерый Стома, якога ўзнагароджваў Вальфовіч.
Астатніх дапамаглі апазнаць «Кіберпартызаны».
Іван Церцель уручае ўзнагароду Ірыне Сапажковай. Фота: «Гомельщина официально»
Церцель уручаў узнагароду Ірыне Сапажковай, якая працуе ў абласным клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама сярод узнагароджаных — Яўген Дуброўскі з гарадской станцыі хуткай дапамогі.
Яшчэ адзін медык — Аляксей Булаўка.
Іван Церцель узнагароджвае Дзмітрыя Старасценку. Скрыншот відэа «Гомельщина официально»
Акрамя дактароў, сілавікі ўзнагародзілі і прадстаўнікоў іншых сфер. У прыватнасці, Церцель уручыў узнагароду Дзмітрыю Старасценку — ён вядомы тым, што ўдзельнічаў у фальсіфікацыях выбараў прэзідэнта. Гэта генеральны дырэктар ААТ «Гомельаблаўтатранс», дэпутат аблсавета.
Ці звязаныя іншыя ўзнагароджаныя з выбарчай кампаніяй — невядома.
Можна, аднак, выказаць таксама меркаванне, што гэтыя людзі могуць быць звязаныя з абменамі палонных паміж Украінай і Расіяй, які рэгулярна адбываюцца праз тэрыторыю беларускай Гомельскай вобласці. «Гомельаблаўтатранс» дае для гэтага аўтобусы, а дактары могуць мець дачыненне да аказання медыцынскай дапамогі расійскіх вайскоўцам пасля абмену.
Чытайце таксама:
Патрыярх Кірыл узнагародзіў Лукашэнку найвышэйшай узнагародай РПЦ
Прэзідэнт Літвы пазбавіў палітыка, які нядаўна ездзіў у Мінск, дзяржаўнай узнагароды
Мінадукацыі рэкамендуе круціць на школьных выпускных песні нявесткі Лукашэнкі