БЕЛ Ł РУС

На чайным грыбе зарабіў у Польшчы першыя мільёны рэстаратар з Брэста, бізнэс якога ўлады разграмілі ў 2020-м

7.06.2025 / 13:47

Nashaniva.com

Праект беларуса Кірыла Борахава па выпуску напояў на аснове камбучы набірае абароты.

Кірыл Борахаў. Фота з ягонай інстаграм-старонкі

Берасцеец, які раней зарабляў на транспартным і рэстаранным бізнэсе, зарабіў першыя мільёны злотых і на чайным грыбе.

У 2024 годзе вытворчасць гэтага прадукту пад брэндам Fyk пачалася ў польскім Добчыне.

Forever Young Kombucha — так расшыфроўваюць вытворцы слова Fyk. 

Прадукцыя Forever Young Kombucha. Фота з сайта кампаніі

Уладальнік — зарэгістраваная ў 2021 годзе ў мястэчку Катунь у Мазавецкім ваяводстве фірма Forever Young Kombucha — летась павялічыла выручку амаль у 2,5 разу, звярнуў увагу ў сваім тэлеграм-канале журналіст Вадзім Сяховіч.

Згодна са справаздачай Forever Young Kombucha, яе выручка павялічылася з 1,0 млн да 2,4 млн злотых. Мінулы год стаў першым, які Forever Young Kombucha скончыла з прыбыткам. Апошні склаў звыш 400 тысяч злотых (каля 100 тысяч даляраў, 300 тысяч беларускіх рублёў)

У маі 2025 года брэнд Fyk стаў адным з партнёраў беларускага форуму венчурных інвестараў Angel's Band Summit 2025, які праводзіўся ў Варшаве.

Кірыл Борахаў раней быў вядомы як уладальнік аўтатранспартнай кампаніі Goa Trans.

Бізнес берасцейца пачынаўся ў Беларусі і Расіі ў сярэдзіне 1990-х, займеў кліентаў накшталт «Санта Брэмар», «Перекрёсток», кандытарская фабрыка «Победа», BP, Siemens, L'Oreal і інш. Аднак напачатку 2020-х Кірыл Борахаў выйшаў з кампаній у Расіі і Беларусі. Маскоўская «Гоа-Транс» цяпер ліквідуецца, брэсцкая «Гоа-Транс Бел» ужо зрабіла гэта ў канцы 2023 года. Пра казахстанскую дачку невядома. Але польская кампанія Goa Trans, прынамсі да 2024 года, генеравала бізнесмену асноўныя аб'ёмы выручкі. У апошнія гады яна расла і па выніках 2023 года склала 18,1 млн злотых. 

У Брэсце Кірыл Борахаў у 2010-я запускаў адзін з першых караоке-клубаў Sola, бар Korova, кавярню Mario і дастаўку ежы «Тук-тук». Ён таксама быў адным з фаўндараў нацыянальнай сеткі ўстаноў здаровага харчавання Easy Soup.

У Варшаве беларусы таксама могуць збірацца ў ягоных установах — гэта Pizzeria Sole і клуб Zabawa у Centrum Praskie Koneser.

Праблемы на радзіме ў Кірыла Борахава ўзніклі на фоне падзей 2020 года. Ягоны гастра-бар Korova некаторы час быў зачынены, а пазней змяніў ўладальніка.

Як пісалі СМІ, новым гаспадаром стаў прадпрымальнік Павел Вакульчык — траюрадны брат былога кіраўніка КДБ і цяперашняга памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці Валерыя Вакульчыка.

У 2022 годзе на месцы Korova зарэгістравалі новую ўстанову — бар «Каза». Сам Кірыл Борахаў быў вымушаны выехаць з Беларусі. Следчы камітэт РБ 25 красавіка адкрыў супраць Борахава завочную спецвытворчасць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула