БЕЛ Ł РУС

«Белорусские продукты» ў Казахстане трапілі ў моўны скандал

7.06.2025 / 19:57

Nashaniva.com

Казахстанскія медыя паведамляюць пра скандал, у які ў краіне трапіла сетка крамаў «Белорусские продукты». Як заяўляецца, прадпрыемства забараняла мясцовым працаўнікам размаўляць паміж сабою на роднай мове, піша «Белсат».

Крама «Белорусские продукты» ў Казахстане. Фота: yandex.net

Сетка крамаў «Белорусские продукты» пазіцыянуе сябе як афіцыйнага дыстрыб'ютара вядучых заводаў Беларусі на тэрыторыі Казахстана. Іх асартымент, як заяўляецца, уключае больш як 2500 найменняў мясных, каўбасных і малочных вырабаў, кансерваванай прадукцыі і паўфабрыкатаў, морапрадуктаў, соусаў і кандытарскіх вырабаў.

На сёння сетка прадстаўленая больш як 100 крамамі ў самых буйных гарадах Казахстана. Яны прадстаўляюць прадукцыю самых буйных заводаў-вытворцаў Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Гомельшчыны і Магілёўшчыны, «забяспечваючы бесперабойныя пастаўкі свежых прадуктаў у самыя кароткія тэрміны».

Але нядаўна ў іх узніклі пэўныя праблемы. «Тіл кеспек жоқ» піша, што напачатку мая «Белорусские продукты» трапілі пад крытыку ў сетцы Threads.

Заяўлялася, што адна з супрацоўніц бухгалтарскага аддзела кампаніі, Айгуль Амангелдзіева, падвергнулася ціску за тое, што размаўляла па-казахску з калегай падчас працы, і ёй гэта забаранялі.

«Нас пачалі пераследаваць пасля таго, як нам заявілі, што на працы мы так гаворым па-расейску, а паміж сабой гаворым на роднай мове», — сказала Айгуль.

Паводле яе, галоўная бухгалтарка Святлана Беляновіч адчытала іх, запатрабаваўшы размаўляць не па-казахску, а «на звычайнай мове, якую разумеюць усе». На заўвагу, што паміж сабою казахі працягнуць размаўляць па-казахску, на іх пачалі крычаць. Пазней на Айгуль нібыта наклалі штраф, склалі пратакол і падвергнулі, паводле яе, псіхалагічнаму ціску:

«У мяне падняўся ціск, і я выклікала хуткую дапамогу».

Айгуль паведаміла пра ціск, якому яна падвяргалася, свайму кіраўніцтву і аддзелу кадраў. Аднак, паводле яе, ніхто не распачаў ніякіх адпаведных дзеянняў і не пацікавіўся яе станам. У выніку жанчына сама звольнілася з працы.

І хоць пра забарону размаўляць у кампаніі па-казахску кажуць і іншыя былыя працаўнікі, самі «Белорусские продукты» адмаўляюць гэта. Жанчыну ў кампаніі абвінавацілі ў хлусні і ў распальванні міжнацыянальнай варажнечы.

Гэта не першы скандал з удзелам беларусаў у Казахстане сёлета. Праўда, мінулы быў больш пазітыўным. Напрыканцы сакавіка беларускія турысты выклалі відэа таго, як патрульныя спынілі іх у Туркестанскай вобласці Казахстана. Паводле беларусаў, у іх запатрабавалі 200 тысячаў тэнге за адсутнасць казахскага тэхагляду і траплянне на камеру. Турысты адзначылі, што нічога не парушалі і доказаў ім не далі, але яны «проста заплацілі і паехалі далей».

У дарожнай паліцыі Туркестанскай вобласці пачалі крымінальную справу, а ў дачыненні кіраўніцтва адпаведнага падраздзялення — службовае расследаванне. Апроч таго, вінаватых паліцыянтаў звольнілі. Віцэ-міністр турызму і спорту Казахстану Ержан Еркінбаеў заявіў, што «сапраўды, такі выпадак быў. І гэта не адзіны выпадак».

Чытайце таксама:

Гэта песня на башкірскай мове завірусілася ў свеце. Але і выклікала дыскусію ва Украіне

Цюркскія дзяржавы дамовіліся пра адзіны лацінскі алфавіт. Убаку толькі Кыргызстан

Галоўнага трэнера футбольнай зборнай Казахстана аштрафавалі за непавагу да казахскай мовы

Каментары да артыкула