Ці лятае Ціханоўская бізнэс-класам і як міністр замежных спраў Польшчы падкінуў яе на сваім самалёце
Некаторымі падрабязнасцямі замежных паездак Святланы Ціханоўскай у новым выпуску «Жыццё-маліна» падзяліўся дыпламатычны дарадца яе офіса Дзяніс Кучынскі.
Святлана Ціханоўская і Дзяніс Кучынскі на сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім падчас Саміту НАТА ў Вашынгтоне. Фота: ОСЦ
Як ахоўваюць Ціханоўскую
Бяспеку Святланы Ціханоўскай забяспечвае служба аховы, якую дала Літва. За апошнія гады, па словах Кучынскага, колькасць ахоўнікаў не скарачалася.
«Ёсць літоўская ахова і ёсць ахова ў іншай краіне, куды яна прыязджае. Іншая краіна робіць свае ацэнкі, колькі аховы даваць, як і калі».
Кучынскаму найбольш запомніўся прыём у Малдове:
«У Малдове быў картэж поўны — з аховай, з хуткай [дапамогай], з паліцыяй, з картэжам з матацыкламі. Пэўна, у Малдове, быў адзін з найвялікшых [картэжаў]. У Вялікабрытаніі была вялікая [ахова]. Шмат дзе, на самой справе. У Польшчы заўсёды добрая. У большасці краін [таксама]. Але Малдова неяк запомнілася».
Ці лятае бізнэс-класам
Для пералётаў у іншыя краіны Ціханоўская не карыстаецца бізнэс-класам. Як тлумачыць Кучынскі, яны не бачаць асаблівай розніцы паміж бізнэс-класам і бюджэтнымі месцамі. Да таго ж большасць пералётаў здзяйсняецца на кароткія дыстанцыі.
«Большасць нашых рэйсаў унутраныя, еўрапейскія. Чым адрозніваецца бізнэс-клас? Фіраначкай, якая там [аддзяляе частку салона]. Навошта шыкаваць і лётаць бізнэс-класам?»
Дыпламатычны дарадца Офіса Ціханоўскай расказаў, што часам яны лётаюць на адным самалёце з іншымі палітыкамі.
«Ты заходзіш — яны ўсе на першых бізнэс-шэрагах. Мы заўсёды ідзём туды (у эканом-клас. — НН)».
Па словах Кучынскага, яму падабаецца прыклад прэзідэнта Малдовы Маі Санду, якая заўсёды праяўляе сціпласць і лётае звычайнымі рэйсамі.
Дзяніс Кучынскі. Скрын відэа: malina_by / YouTube
Аднойчы ўлады Германіі прапаноўвалі выслаць па Ціханоўскую спецыяльны самалёт, каб яна магла паспець прыняць удзел у цырымоніі ў Берліне.
«Гэта мэрыя больш была, а не ўрад. Яны прапаноўвалі самалёт, каб мы маглі паспець. Таму што было некалькі мерапрыемстваў у нас ужо запланаваных. Каб мы маглі паспець, яны гатовы былі гэты прыватны самалёт прыслаць. Але мы ў выніку знайшлі варыянт звычайным паляцець».
Як Сікорскі падкінуў у Брусэль
Але была і гісторыя, калі Святлану Ціханоўскую на ўрадавым самалёце ў Брусэль падкінуў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
«Мы ляцелі на сустрэчу з іншымі міністрамі замежных спраў. Мы разумеем, што мы ляцім на адну падзею, у адзін дзень і ў адзін час. І пры гэтым у гэты дзень Ціханоўская таксама ў Варшаве, таму што быў Марш.
Была праблема, як даляцець своечасова. Не было рэйсаў. І я тады перамаўляўся з камандай [віцэ-прэзідэнта Еўрапейскай Камісіі] Каі Калас у Брусэлі. Гэта галоўны дыпламат усяго Еўразвязу. Мы перамаўляліся, як паспець. (…)
Я пачаў шукаць розныя варыянты. Пішу камандзе кіраўнічкі еўрапейскай дыпламатыі, што ў нас мерапрыемства вялікае — Марш, сустрэча з беларусамі, канферэнцыя. Яны кажуць: «Вы ж у Польшчы будзеце. Так [міністр замежных спраў Польшчы] Сікорскі таксама ляціць на гэту падзею. Можа, спытайце, каб ён вас падкінуў».
Мы звярнуліся, скарысталіся вось гэтай парадай».
Як расказаў Кучынскі, вылет быў з ваеннага аэрапорта, які знаходзіцца побач з аэрапортам імя Шапэна ў Варшаве.
«Там тое ж самае. Ты праходзіш кантроль. І ў апошні момант табе выдаюць пасадачны талон. Але, зразумела, што сам самалёт не як звычайны. (…) Адрозненне ў тым, што няма шэрагаў. Выдзяляецца адзін пакойчык. Пасля некалькі зон па чатыры месцы, каб людзі маглі камандамі сесці. І далей ёсць адна дадатковая секцыя, дзе ўжо шэрагамі стаяць крэслы. Але абсалютна звычайны самалёт. Трошкі сапраўды ўтульныя крэслы».
На пытанне, ці кармілі на борце польскага ўрадавага самалёта, Кучынскі прыгадаў:
«Снікерс давалі дакладна, і была, здаецца, нейкая грэчка з курыцай. Абсалютна звычайная [ежа], тое, што ў аэрапорце ў нейкіх лаўнджах (залах адпачынку. — НН) даюць».
Чытайце таксама:
50 адценняў Кучынскага. Дарадца Ціханоўскай распавёў пра свае гальштукі
Дарадца Ціханоўскай расказаў, як ён разам з Вячоркам сустракаў вызваленую Алену Маўшук
Хто плаціць за міжнародныя візіты Ціханоўскай і ці ўсюды за ёй ходзяць беларускія спецслужбы?