У МЗС Расіі патрабуюць ад НАТА пакінуць Усходнюю Еўропу
Канфлікт ва Украіне не скончыцца, «пакуль НАТА не пойдзе», заявіў у інтэрв'ю ТАСС намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў.
Сяргей Рабкоў. Фота: ТАСС
Па словах Рабкова, менавіта экспансія Паўночнаатлантычнага альянсу стала адной з «першапрычын прынцыповых супярэчнасцяў» паміж Расіяй і ЗША ў пытаннях бяспекі.
«Без развязання гэтай прынцыповай і вострай для нас праблемы ўрэгуляваць цяперашні канфлікт у Еўраатлантыцы проста немагчыма», — сказаў Рабкоў.
Ён дадаў, што скарачэнне кантынгенту НАТА ва Усходняй Еўропе «пайшло б на карысць бяспекі ўсяго кантынента», і нагадаў, што аналагічныя патрабаванні Масква ўжо выстаўляла ў канцы 2021 года — за некалькі месяцаў да ўварвання ва Украіну.
«У адрасаваных намі Вашынгтону і Брусэлю прапановах фігураваў імператыў прававых, юрыдычна абавязковых і доўгатэрміновых гарантый непашырэння Паўночнаатлантычнага альянсу на ўсход, а таксама патрабаванні аб неразмяшчэнні ўдарных узбраенняў паблізу расійскіх межаў», — нагадаў Рабкоў.
Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін ад пачатку вайны патрабаваў ад НАТА «закрыць дзверы» для Украіны, а цяпер патрабаванні сталі яшчэ больш жорсткімі. Згодна з крыніцамі Reuters, Пуцін нібыта хоча атрымання пісьмовых гарантый, што НАТА не прыме не толькі Украіну, але і Малдову з Грузіяй. Ён таксама патрабуе адмены санкцый, размарозкі замежных рэзерваў Цэнтрабанка РФ і перадачы Расіі кантролю над Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцямі.
У сваю чаргу, прадстаўнік прэзідэнта ЗША Кіт Келаг прызнаў, што ў Расіі ёсць «абгрунтаваныя» асцярогі наконт пашырэння НАТА і выказаў гатоўнасць абмяркоўваць гэты пытанне ў рамках магчымых мірных перамоў. Але канчатковае рашэнне, паводле яго, будзе за прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Чытайце таксама:
Орбан лічыць, што Расія — не пагроза для НАТА, бо «не можа справіцца нават з Украінай»
Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»
Нашчадка эмігрантаў з Беларусі прызначылі галоўнакамандуючым аб'яднаных сілаў НАТА ў Еўропе
ЗША забіраюць ва Украіны крытычна важную тэхналогію барацьбы з дронамі