Гурт «Дразды» пакідае сцэну і вінаваціць у гэтым «гіперактыўных блогераў»
У канцы мая беларускі гурт «Дразды» абвясціў пра развітальнае турнэ, якое пройдзе летам 2025 года і нібыта стане завяршэннем 20-гадовай творчай дзейнасці калектыву. Цяпер у інтэрв'ю расійскаму выданню Sputnik кіраўнік гурта Віталь Карпанаў патлумачыў прычыны такога рашэння.
«Мы разумеем, што так далей нельга. Мы стаміліся, вядома. Стаміўся, хутчэй за ўсё, наш слухач, таму што некаторыя людзі прыходзяць па 15 разоў на наш канцэрт. Але мы не маем магчымасці граць у абласных гарадах: у нас ёсць цяжкасці ў паразуменні з-за гіперактыўных блогераў, якія на сёння — ужо не будзем хаваць — нават адматалі тэрмін», — заявіў Віталь Карпанаў.
Прозвішчы блогераў не называюцца, але можна меркаваць, што маюцца на ўвазе Вольга Бондарава і яе паплечнікі. Нягледзячы на падкрэслена праўладную пазіцыю гурта і асабіста Віталя Карпанава, у тым ліку і ў 2020 годзе, «Дразды» падвяргаліся атакам з боку Бондаравай, прычынай чаго стала шырокае выкарыстанне ў іх творчасці беларускай мовы.
Як вядома, у канцы сакавіка Вольгу Бондараву затрымалі, пасля чаго яна адбыла адміністрацыйны арышт у 13 сутак. Таксама яе адлічылі з Мінскага педуніверсітэта.