БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, колькі людзей у Беларусі пакаралі за падзеж жывёлы

9.06.2025 / 23:0

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка 29 мая разам з кіраўніцтвам Саўміна абмяркоўваў «гістарычны максімум» падзяжу жывёлы. Ён зладзіў разнос чыноўнікам і запатрабаваў ад старшыні Камітэта дзяржкантролю і генпракурора далажыць, колькі вінаватых «пасадзілі за гэта». Але аказваецца, на той момант Лукашэнка ўжо ведаў лічбы. Гэта вынікае з ліста, які КДК адправіў яму яшчэ 20 траўня. Дакумент аказаўся ў распараджэнні выдання «Люстэрка» пры дапамозе Belpol.

 

Здымак ілюстрацыйны

Ліст КДК за подпісам яго кіраўніка Васіля Герасімава Аляксандру Лукашэнку адправілі 25 траўня. Ён стаў адказам на даручэнне разабрацца ў сітуацыі з падзяжоў буйной рагатай жывёлы. Лукашэнка даў яго яшчэ 15 траўня.

Атрымліваецца, патрабуючы 29 траўня ад КДК і Генпракуратуры завесці крымінальныя справы і пасадзіць вінаватых, Лукашэнка ўжо ведаў колькасць прыцягнутых да адказнасці.

У дакуменце, які апынуўся ў распараджэнні «Люстэрка», кіраўнік КДК сцвярджае, што за ўвесь 2024-ы і першыя чатыры з паловай месяцы 2025-га ведамства прыцягнула да розных відаў адказнасці больш за 1400 чалавек. У тым ліку 30 старшыняў райвыканкамаў і 55 іх намеснікаў, якія курыруюць пытанні сельскай гаспадаркі.

«Па фактах злачынстваў, звязаных з утойваннем падзяжу, устаноўленых КДК і Генеральнай пракуратурай, распачата 378 крымінальных спраў, у тым ліку органамі фінансавых расследаванняў — 48», — гаворыцца ў лісце.

Герасімаў таксама адзначыў, што вінаватым выстаўленая сума нанесенай шкоды «на суму каля 702,5 тысяч рублёў».

Пасля нарады ў Лукашэнкі 29 траўня міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў паведаміў журналістам дзяржаўных СМІ статыстыку смяротнасці буйной рагатай жывёлы. Па даных чыноўніка, за 2024 год падзёж склаў 147,9 тысячы галоў, а за чатыры месяцы 2025-га — 52 тысяч.

КДК прыводзіць такія ж лічбы, але больш дэталёва. Правяраючыя адзначылі, што ў 2024-м колькасць загінулых кароў, быкоў і цялят вырасла на 19% у цэлым па краіне. Горш за ўсё сітуацыя была ў Магілёўскай (рост на 35%), Мінскай (23%) і Гомельскай (22%) абласцях.

За першыя чатыры месяцы гэтага года моцна пагоршылася сітуацыя ў Віцебскай вобласці (плюс 35% да аналагічнага перыяду 2024-га), таксама ў Гродзенскай і Гомельскай абласцях (па 10%).

Герасімаў таксама паведаміў Лукашэнку, што ў структуры падзяжу жывёлы каровы як летась, так і ў першыя месяцы 2025-га займаюць амаль траціну, а цяляты да шасці месяцаў — больш за палову (53%).

Ведамства таксама адзначае, што «прычыны падзяжу жывёлы застаюцца нязменнымі з году ў год».

«У асноўным яны абумоўленыя парушэннямі тэхналогій кармлення (каля 53%), утрымання жывёлы (каля 45,3%), адсутнасцю належнай тэхналагічнай дысцыпліны», — піша Герасімаў.

Таксама КДК дадае, што ў кожнай пятай сельскагаспадарчай арганізацыі буйную рагатую жывёлу кормяць няякаснымі кармамі. А ў кожнай другой арганізацыі «выяўленыя недахопы, якія ў наступным маглі паўплываць на здароўе і захаванасць жывёлы».

Пры гэтым кіраўнік КДК вінаваціць у пагаршэнні сітуацыі ўрад, аблвыканкамы і райвыканкамы, якія не прынялі «вычарпальных мер». Ведамства таксама адзначае недастатковую працу мясцовых уладаў па закрыцці вакансій ветэрынараў і заатэхнікаў.

Акрамя таго, на думку дзяржкантролю, няма належнага кантролю за першасным улікам пагалоўя, з-за чаго «ствараецца спрыяльная сітуацыя для ўтойвання яго падзяжу».

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў, што падзеж жывёлы ў Беларусі дасягнуў «гістарычнага максімуму»

Як улады чарговы раз правалілі планы ў сельскай гаспадарцы

Масавая гібель жывёлы ў Магілёўскай вобласці. Пракуратура завяла дзясяткі крымінальных спраў

Пракуратура праверыла фермы Гомельшчыны. Факты жахлівыя

Каментары да артыкула