Эканоміка66

Як улады чарговы раз правалілі планы ў сельскай гаспадарцы

У 2024 годзе аграпрамысловы комплекс Беларусі не выканаў траціну ключавых паказчыкаў, падзеж буйной рагатай жывёлы вырас на 19%, а экспарт у Афрыку сарваўся.

Праўладныя СМІ сціпла паведамілі пра «поспехі» аграпрамысловага комплексу (АПК), вынікі працы якога ў сакавіку разглядаліся на калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Паводле інфармацыі БелТА, на выніковай калегіі Мінсельгаса была адзначана «ў цэлым станоўчая дынаміка развіцця» АПК. Улады рапартавалі пра поўную забяспечанасць унутранага рынку, выкананне асноўных параметраў харчовай бяспекі, павелічэнне экспартных паставак прадуктаў і рост аб’ёмаў валавой прадукцыі.

Аднак, як вынікае з пастановы калегіі «Аб выніках работы аграпрамысловага комплексу за 2024 год, ацэнцы кадраў па выкананні даведзеных паказчыкаў і пастаноўцы задач на 2025 год», якую публікуе «Белпол», крытыкі там гучала болей, чым пахвалы.

Так, рост валавой прадукцыі сапраўды склаў 3,4%, але гэта не планавыя 5,6%. Пры гэтым не выканана больш за траціну мэтавых паказчыкаў (22 з 58).

Напрыклад, не выкананы паказчык па надоях малака: пры плане 6230 кілаграмаў на карову ў Магілёўскай вобласці надаілі 4333 кілаграмы (69,6% ад плану), у Віцебскай — 4504 кілаграмы (72,3%).

У выніку калегія прызнала працу камітэтаў па сельскай гаспадарцы чатырох абласцей — Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай — нездавальняючай.

Скарачэнне пагалоўя жывёлы — агульнанацыянальная праблема

Згодна з дакументам, за год гаспадаркі страцілі амаль кожную восьмую свінню (мінус 11,9%) пры заданні павялічыць пагалоўе на 6%.

Колькасць буйной рагатай жывёлы скарацілася на 2,3% пры плане росту на 2%.

Прыплод цялят у цэлым па краіне скараціўся на 20700 галоў. Найгоршая сітуацыя была ў Мінскай вобласці — у 19 з 22 раёнаў гэты паказчык быў адмоўны.

У параўнанні з 2023 годам падзёж буйной рагатай жывёлы вырас на 19,1%. Найгоршыя паказчыкі былі ў Магілёўскай (рост на 35,4%), Мінскай (22,6%) і Гомельскай (22,3%) абласцях.

Гомельская вобласць — сімвал краху «моцных гаспадарнікаў»

Асабліва цяжкая сітуацыя — у Гомельскай вобласці, цяперашні кіраўнік якой Іван Крупко раней узначальваў Мінсельгас.

У 2024 годзе вытворчасць малака ў вобласці не дацягнула 16,5% да плана, мяса — 11,6%.

Сярэднесутачная прывага свіней склала 78,9% ад плана (525 г замест 665 г), буйной рагатай жывёлы — 76,6% (505 г замест 659 г).

Сярэдні надой на карову — 4480 кілаграмаў, ці 71,9% ад плана. Пагалоўе свіней за год скарацілася амаль на траціну (мінус 29,4%).

Сітуацыя з раслінаводствам таксама далёкая ад здавальняючай. Валавы збор збожжа — меншы на 26,7% ад плана, ільновалакна — меншы на 50%, гародніны — меншы на 17%. Корму для жывёлы было нарыхтавана толькі 74,2% ад патрэбнага, угнаенняў унесена 57% ад неабходнага.

Экспарт у Афрыку — мары замест рэальнасці

Улады любяць хваліцца прарывам у краіны «дальняй дугі», аднак факты сведчаць пра іншае.

Напрыклад, пастаўкі ялавічыны ў краіны Афрыкі склалі 86,1 тону, ці 4,3% плана. Мяса птушкі было пастаўлена 417 тон, але гэта толькі 29,8% ад плана. Найлепш выглядаюць пастаўкі малочнай сыроваткі — 61,6% ад плана (369,5 тон).

А вось у Нігерыю з запланаваных 100 тон малака і вяршкоў (згушчаных і сухіх), нічога не пастаўлена, як і з 25 тон мяса птушкі ў Зімбабвэ.

Каментары6

  • Барадзед
    30.04.2025
    Пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў Беларусі цяпер і так нямала — нават больш, чым людзей. Таму нязначнае скарачэнне, магчыма, не стане вялікай праблемай.

    [Зрэдагавана]
  • Проста жыхар
    30.04.2025
    Здаецца, яны кожны год ставяць невыканальныя планы ў с/г, а потым вымушана рапартуюць пра правал.
  • В магазинах бульбы нормальной нету
    30.04.2025
    Но они хотят Африку накормить сельхозпродукцией.

    А урожай дело такое, вот будет год засушливым - и хоть бы себе хватило.

Цяпер чытаюць

Доктарка, якая вучылася па мэтавым накіраванні, адпрацавала паўтара года з пяці — і пераехала ў Польшчу15

Доктарка, якая вучылася па мэтавым накіраванні, адпрацавала паўтара года з пяці — і пераехала ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

На гродзенскіх могілках на Радаўніцу давялося тушыць адну з магіл

Украінцы паведамілі пра знішчэнне 12 афіцэраў ФСБ у Данецку4

«Самараспусціцца?» Арцём Брухан адказвае на крытыку ў бок Каардынацыйнай рады17

Беларусам хочуць абмежаваць колькасць банкаўскіх картак на чалавека1

«Калі ўжо быць — дык быць як маяк!» У Варшаве адбыўся канцэрт Максіма Знака

У анексаваным Крыме беларуса асудзілі за «шпіянаж»1

У Мінску аўто пераехала мужчыну, які ляжаў на дарозе. Ён памёр2

Буданаў: Украіна не аддасць Данбас3

У расійскім курортным Туапсэ экалагічная катастрофа — пажар на НПЗ не могуць патушыць, ідуць нафтавыя дажджы34

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Доктарка, якая вучылася па мэтавым накіраванні, адпрацавала паўтара года з пяці — і пераехала ў Польшчу15

Доктарка, якая вучылася па мэтавым накіраванні, адпрацавала паўтара года з пяці — і пераехала ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць