Былога ўчастковага з Ганцавічаў асудзілі па палітычнай крыміналцы
Уладзімір Стрыжыч мог атрымаць да шасці гадоў калоніі за «ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання».
Уладзімір Стрыжыч. Фота: «Кіберпартызаны»
Уладзіміру Стрыжычу 38 гадоў. Ён з Ганцавічаў. У 2010 скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Шамякіна, а пасля пайшоў працаваць у міліцыю.
Стрыжыч служыў участковым і ў інспекцыі па справах непаўналетніх.
Ёсць у раёнцы «Ганцавіцкі час» допісы пра ягоныя задачы — шукаў скрадзенае ў калгасе зерне, канфіскаваў самагон у бухгалтаркі сельскагаспадарчага прадпрыемства і гэтак далей. У 2011 годзе ён з калегам выступаў у дзіцячым доме, а ў 2014 удзельнічаў у конкурсе міліцэйскай самадзейнасці.
На конкурсе міліцэйскай самадзейнасці. Уладзімір Стрыжыч другі з правага боку
Стрыжыч даслужыўся да старшага лейтэнанта і быў звольнены ў самым канцы 2014 года. Прычына — «у сувязі са здзяйсненнем кепскага ўчынку».
Пасля гэтага Стрыжыч адкрыў ІП, сферай дзейнасці якога пазначаныя лесанарыхтоўкі. У тэлефонных кнігах іншых ён запісаны як «Уладзімір дрэва Нясвіж» і «апілкі Галынка». ІП нядаўна пачало працэс ліквідацыі.
Уладзімір Стрыжыч падчас службы ў міліцыі. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Калі былога міліцыянера затрымалі, дакладна невядома, але не раней за верасень 2024, калі ён апошні раз быў анлайн у сацсетках. Стрыжыча асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе па ч. 3 артыкула 361-1 — «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання». Уладзіміру пагражала да 6 гадоў калоніі.
Мяркуючы па тым, што суд ужо адбыўся, а Уладзімір нідзе не з'явіўся анлайн, падобна, што ягонае пакаранне звязанае з пазбаўленнем волі. Сутнасць абвінавачанняў невядомая.
Чытайце таксама:
Былога міліцыянера, які вярнуўся з Кеніі і вёў блог пра Афрыку, асудзілі за «распальванне варожасці»
Маладую касплэйшчыцу кінулі ў калонію за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць