БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз рыхтуе поўную забарону аперацый з беларускімі банкамі

10.06.2025 / 16:8

Nashaniva.com

Еўрапейская камісія падрыхтавала новы, ужо 18-ы, пакет санкцый супраць Расіі і Беларусі за агрэсію супраць Украіны. Сярод прапановаў — поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі. Пра гэта «Радыё Свабода» даведалася ад інфармаваных крыніц у Брусэлі.

Фота ілюстрацыйнае

18-ы пакет санкцый накіраваны на далейшае абмежаванне вайскова-прамысловага патэнцыялу Расіі, якая ад 2022 года вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Беларусь уключаная ў пакет санкцый, бо падтрымлівае расійскую агрэсію.

У падрыхтаваным пакеце санкцый фігуруюць чатыры беларускія кампаніі, што дзейнічаюць у галіне абароны і вайсковай прамысловасці. Іх публічна назавуць пазней. Еўракамісія прапануе замарозіць іхнія актывы і забараніць весці бізнэс у межах ЕС.

Акрамя гэтага, Еўракамісія таксама прапанавала пашырыць сектаральныя абмежаванні для Беларусі. Сярод іх поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі, якая раней тычылася толькі фінансавых паведамленняў (de-SWIFTing — адключэнне ад міжнароднай сістэмы банкаўскіх міждзяржаўных разлікаў SWIFT, якое істотна абмяжоўвае магчымасці банкаў праводзіць аперацыі за мяжой), а цяпер ператвараецца ў поўную забарону транзакцый.

Таксама ўпершыню пад забарону трапляе імпарт узбраенняў з Беларусі ў ЕС.

Каб узмацніць кантроль за магчымым абыходам абмежаванняў, ЕС прапануе пашырыць спіс тавараў і тэхналогій, што могуць выкарыстоўвацца для ўмацавання беларускай вайсковай і прамысловай базы. У прыватнасці, ідзе гаворка пра машыны, хімікаты, асобныя віды металаў і пластыкаў. Забараняецца таксама транзіт шэрагу тавараў праз тэрыторыю Беларусі.

Як тлумачыць еўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзвяк, распрацаваны Еўракамісіяй 18-ы пакет санкцый мусяць узгадніць прадстаўнікі ўсіх 27 краін Еўрасаюза. Прыняцце дакумента чакаецца цягам чэрвеня.

У папярэднім, 17-м пакеце, зацверджаным Радай ЕС сёлета 20 траўня, у прыватнасці, былі ўведзеныя санкцыі супраць Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ). У абгрунтаванні гаварылася, што «Мінскі завод колавых цягачоў — беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства, якое распрацоўвае вайсковую тэхніку для Узброеных сілаў РФ і падтрымлівае абараназдольнасць Расіі».

Улетку 2024 года Еўрасаюз абвясціў пра сектаральныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі. Тады ўжо быў уведзены шэраг абмежаванняў супраць беларускай фінансавай сістэмы:

Чытайце таксама:

Еўрасаюз рыхтуе 18-ы пакет санкцый супраць Расіі

Як беларуская кампанія пастаўляе ў Расію брэндавае адзенне ў абыход санкцый і ў шкоду дзяржбюджэту

Стала вядома, што можа ўвайсці ў 18-ы еўрапейскі пакет санкцый супраць Расіі

Еўрасаюз прыняў 17-ы пакет санкцыі супраць Расіі. У спісе і Мінскі завод колавых цягачоў

Каментары да артыкула