«Застаецца раўці як бялуга». Рыжанкоў у Маскве расказаў пра поўны крах краін Балтыі
10 чэрвеня міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Маскве з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым выказаўся пра сітуацыю ў краінах Балтыі. Ён сцвярджае, што ў гэтых дзяржавах — Літве, Латвіі і Эстоніі — назіраецца поўны заняпад: развалілася эканоміка, пагаршаецца дэмаграфія, інфраструктура дэградуе.
Максім Рыжанкоў
На думку Рыжанкова, краіны Балтыі не дасягнулі істотных поспехаў ні ў эканоміцы, ні ў міжнародных ініцыятывах. Ён кажа, што яны сапсавалі адносіны з важнымі гульцамі — Расіяй і Кітаем, а цяпер толькі «злуюцца і выказваюць злосць», каб паказаць сябе перад Еўрасаюзам.
Міністр таксама адзначыў, што колькасць насельніцтва ў Латвіі за 30 гадоў значна зменшылася. Паводле яго, людзі з Балтыі самі расказваюць пра праблемы сваіх краін. У той жа час, паводле яго сцвярджэння, Беларусь развіваецца лепш, бо, маўляў, «у цэнтры палітыкі — чалавек», а ў краінах Балтыі ўсё развальваецца.
Акрамя таго, Рыжанкоў заявіў, што краіны Балтыі «зайздросцяць» Беларусі, у тым ліку з-за таго, што яны адмовіліся ад удзелу ў сумеснай з Расіяй і Беларуссю энергасістэме, што, па ягоных словах, нанесла ім шкоду. Рыжанкоў кажа, што разрыў гандлёвых адносін пазбавіў іх сур'ёзных прыбыткаў ад транзіту тавараў з Расіі і Беларусі.
«І як растлумачыць сваім грамадзянам, што вось гэтыя гады супрацьстаяння з намі — гэта гады страчаных магчымасцяў, якія прывялі да гэтай усёй дэградацыі і да пакідання гэтых краін на ўскраіне Еўрапейскага Саюза? А з улікам таго, які яны будуюць тут плот, то наогул на ўскраіне цывілізацыі. (…) Калі ў чалавека нічога не атрымліваецца, калі ўсе аргументы выкарыстаныя, нічога, застаецца адно толькі — раўці як бялуга», — падсумоўвае ён.
Між тым пасля 2020 года сотні тысяч беларусаў выехалі з Беларусі не толькі па палітычных, але і па эканамічных матывах, і многія з іх цяпер жывуць і працуюць у гэтых самых балтыйскіх краінах — асабліва ў Літве. Па ацэнках Міжнароднага валютнага фонду, у 2025 годзе валавы ўнутраны прадукт Літвы на душу насельніцтва ў пераліку па парытэце купчай здольнасці перасягне 57 000 даляраў. Гэта прыкладна на 1000 больш, чым аналагічны паказчык Ізраіля.
Чытайце таксама:
Літва і Польшча здагналі Ізраіль па ВУП на душу насельніцтва
Рыжанкоў заклікаў Літву аднавіць адносіны, але суправадзіў заклік грубай прапагандай