Яшчэ адно вялікае скарачэнне ў беларускім геймдэве
Рыхтавалі гучны рэліз, але нешта пайшло не так.
Супрацоўнікі беларускай студыі Swag Masha паведамляюць пра звальненне прыкладна паловы штату ў маі. Да гэтага кампанія актыўна набірала, піша Dev.by.
Гісторыя вялікага скарачэння ў варшаўскім офісе Playtika выклікала ланцуговую рэакцыю: пра масавыя звальненні вырашылі распавесці экс-супрацоўнікі студыі Swag Masha.
Swag Masha
Беларуская геймдэў-студыя. Заснаваная ў 2018 годзе беларусамі Дзмітрыем Нікіфаравым і Аляксеем Карнеевым, а таксама Кірылам Надзеждзіным з Татарстана. Ідэя стварэння студыі па распрацоўцы гульняў у жанры інтэрактыўнага кіно з’явілася яшчэ раней, у 2015 годзе. У Мінску прымаліся ключавыя рашэнні па прадукце і маркетынгу, а асноўны R&D-цэнтр знаходзіўся ў Інаполісе (тэхнахаб пад Казанню).
Узлёт пачаўся з гульні Love Sick: Interactive Stories. Пасля паспяховага рэлізу ў 2019 годзе кампанію набыла расійская Mail.ru Group, адбылася кансалідацыя з гульнявым падраздзяленнем (My.Games).
Беларуская юрыдычная асоба студыі — «СВЭГ МАША» — рэзідэнт ПВТ.
Паводле іх слоў, мінулым летам кампанія актыўна наймала людзей на праект Swag Toons — мабільная аплікацыя для чытання лічбавых коміксаў.
Як звольнілі
«Год таму пад старт новага праекта ішоў вельмі актыўны найм. Праект набіраў абароты. Кожны месяц прыходзілі новыя людзі», — распавядае пра гэты перыяд адна з супрацоўніц.
«Кожны тыдзень прыходзілі па два чалавекі, гэта ўжо выглядала вельмі падазрона, у выніку арт-аддзел стаў 30+ чалавек», — дадае іншая.
Рэліз аплікацыі, паводле слоў супрацоўнікаў, адбыўся ў красавіку гэтага года. А 12 мая студыя звольніла прыкладна палову калектыву.
Тут дадзеныя некалькі разыходзяцца: адны налічылі 27 звольненых, іншыя — каля 40 з 80-і чалавек.
«Пра звальненне паведамілі дзесьці ў другой палове дня: даслалі паведамленне ў Discord і на пошту, што ў кампаніі далей няма фінансавання, і мы спыняем супрацоўніцтва. На наступны дзень паштовыя скрыні заблакавалі і закрылі доступ да ўсіх працоўных акаўнтаў», — распавядае экс-супрацоўніца.
«Проста даслалі лісты з паведамленнем пра спыненне супрацоўніцтва, — кажа іншая. — І ў той жа вечар выдалілі ўсіх з працоўных чатаў. Ніякага папярэджання пра маючае адбыцца скарачэнне не было, ніякіх кампенсацый. Разлічыліся толькі за невыкарыстаны адпачынак, і ўсё. Большасць прымусілі падпісваць па пагадненні бакоў».
Паводле яе слоў, «калі чалавек не згаджаўся падпісваць па пагадненні бакоў і патрабаваў выплаты кампенсацыі, яму прапаноўвалі выходзіць у офіс на гадзіну ў дзень (нават калі супрацоўнік працаваў дыстанцыйна з іншага горада)». Развіталіся не вельмі прыгожа — рэзюмуе яна.
Іншыя супрацоўнікі пацвярджаюць, што іх прымусілі скасаваць кантракты па пагадненні бакоў: маўляў, думалі, што «ўсё будзе нармальна: нават калі і скароцяць, то паводле Працоўнага кодэкса РБ выплацяць кампенсацыю і выходную дапамогу». Аднак жа «ў кампенсацыі ўсім адмовілі, матывуючы тым, што ў кампаніі няма грошай, можа не хапіць нават на заробкі ў наступным месяцы».
Таксама супрацоўнікі распавядаюць, што не ўсе былі працаўладкаваныя праз беларускую юрыдычную асобу, частка працавала з юрасобай у ААЭ як самазанятыя. Кампенсацый яны таксама не атрымалі і не вельмі спадзяюцца, бо ў іх дамовах прапісана, што «спрэчкі рэгулююцца заканадаўствам ААЭ».
Чаму скарацілі праект
У супрацоўнікаў мала інфармацыі пра гэта. Ім паведамілі пра спыненне (ці скарачэнне) фінансавання з боку матчынай кампаніі My.Games.
Журналісты папрасілі пракаментаваць сітуацыю сузаснавальніка Swag Masha Аляксея Карнеева, але не атрымалі адказу. Таксама напісалі ў офіс My.Games.
Над чым працуе Swag Masha
Раней Swag Masha была вядомая як распрацоўшчык гульняў у жанры інтэрактыўных гісторый. Менавіта пасля поспеху Love Sick: Interactive Stories (3 мільёны запамповак за паўгода пасля рэлізу) у 2019 годзе студыю набыла Mail.ru Group.
У ліпені 2019 года My.Games (гульнявое падраздзяленне Mail.ru Group) абвясціла пра «поўную кансалідацыю» з беларускай геймдэв-студыяй Swag Masha.
У кастрычніку 2022 года VK (раней Mail.ru Group) прадала 100 % My.Games Аляксандру Чачаве, менеджару і партнёру венчурнага фонду Leta Capital, за $642 млн. Штаб-кватэра My.Games цяпер знаходзіцца ў Нідэрландах.
Love Sick
Мабільная гульня ў жанры інтэрактыўнай гісторыі: карыстальнік чытае своеасаблівую кнігу, выбірае варыянты працягу гісторыі і сам вызначае развіццё сюжэту. Рэліз гульні на Android адбыўся ў студзені 2019 года, на iOS — у сакавіку. Паводле дадзеных SensorTower, у ліпені карыстальнікі Android спампавалі Love Sick 600 тысяч разоў (даход распрацоўшчыкаў склаў 600 тысяч даляраў), за той жа перыяд карыстальнікі iOS спампавалі гульню 400 тысяч разоў (выручка — 700 тысяч даляраў).
На сайце студыі па-ранейшаму пазначаны тры гульні: Dream Zone, Love Sick і Love Sparks. Аднак, паводле словаў супрацоўнікаў, новы кантэнт для іх ужо даўно не распрацоўваецца, гульні толькі тэхнічна падтрымліваюцца. Галоўным праектам студыі апошні год была аплікацыя Swag Toons.
У PlayMarket яно падпісанае як прадукт Swag Global, «комиксы на русском, любовные истории, роман новелла, фото комикс», узрост 16+. Колькасць запамповак — 10 тысяч+, водгукаў няма. Разам з версіяй у App Store у аплікацыі ў суме крыху больш за 20 тысяч запамповак.
Што магло пайсці не так
Журналісты спыталіся ў незалежнага распрацоўшчыка гульняў, што магло пайсці не так з праектам. Ён пацвердзіў, што 20 тысяч запамповак — гэта вельмі мала.
— Выглядае як мінімальны тэст, — выказаў здагадку эксперт. — Але цікава нават не гэта, а тое, што быў наняты вялікі калектыў для працы над праектам, шанцы якога можна ацаніць толькі пасля тэсту. Звычайна тыя, хто мае досвед у гульнях, так не робяць. Найверагодней, інвестар чакаў, што гэта будзе каманда для больш маштабных планаў.
Яшчэ адна версія: калі скарацілі дызайнераў, магчыма, змяняюцца працэсы з улікам актыўнага выкарыстання ШІ?
Гэта тэарэтычныя разважанні. Як было насамрэч, ведаюць толькі працадаўцы.