БЕЛ Ł РУС

Спецслужбы выходзяць на кантакт з актывістамі праз фэйсбук: што вядома і як сябе абараніць

11.06.2025 / 16:0

Nashaniva.com

10 чэрвеня беларускім актывістам за мяжой у фэйсбуку пачалі прыходзіць паведамленні з прапановамі аб супрацоўніцтве. Меркавана, што яны ад супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі, піша «Вясна».

Праваабаронцам вядома не меней за пяць такіх выпадкаў. Усе паведамленні зафіксаваныя з аднаго акаўнта — Maria Pulkovskay. Некаторым абяцаюць бяспеку іх родных у Беларусі ў абмен на супрацу з беларускімі спецслужбамі.

У фэйсбуку Maria Pulkovskay у сябрах лічыцца 371 акаўнт, сярод якіх — былыя палітзняволеныя, журналісты і актывісты, а таксама «Гарадзенская праваабарона». Акаўнт мае «экстрэмісцкія» падпіскі, напрыклад, «Медиа-Полесье», «Моладзь «Руху «За Свабоду». У акаўнце два фотаздымкі дзяўчыны, на якіх не бачна твару. Напісана, што яна жыве ў Празе. Але насамрэч за гэтым хаваецца супрацоўнік мінскага КДБ, паведамляюць тыя, каму ён пісаў. Гэты профіль працягвае дадаваць сабе ў сябры грамадскіх актывістаў.

«Вясна» паразмаўляла з адной з актывістак, з якой звязваўся супрацоўнік КДБ. Яна мяркуе, што ён звязваецца з публічнымі людзьмі, якія былі актыўныя ў палітычных ці каляпалітычных структурах:

«Калі ён піша, то адразу называе людзей па поўным імені і імені па бацьку, то бок гэта ўжо інфармацыя, якая не ва ўсіх змяшчаецца ў сацсетках. Ён сказаў, што ягоная мэта — даведацца меркаванне пра структуры і нейкія падзеі. Супрацоўніка цікавіць такая інфармацыя.

Ён піша пра нейкі кампраміс, супрацоўніцтва, спрабуе наладзіць узаемнавыгадныя камунікацыі. Ён хоча даведацца больш інфармацыі пра нейкіх людзей з дэмакратычнай супольнасці. Яму цікавы палітычны бэкграўнд, а таксама Каардынацыйная Рада. Вядома, што ён пісаў яшчэ некаторым публічным людзям».

Праваабаронцы «Вясны» заклікаюць паклапаціцца пра сваю лічбавую бяспеку:

  1. Перагледзьце спіс сяброў у сацсетках — выдаліце невядомых або падазроных асоб, асабліва тых, хто не мае рэальнага фота, інфармацыі або сумнеўна паводзіць сябе.
  2. Абмяжуйце бачнасць асабістай інфармацыі — схавайце або выдаліце даныя пра месца жыхарства, працу, кантакты, сям’ю і г. д.
  3. Выдаліце або схавайце старыя пасты і каментары, якія могуць змяшчаць уразлівую інфармацыю.
  4. Будзьце пільныя да новых кантактаў — не адказвайце на паведамленні ад невядомых асоб, асабліва калі яны задаюць асабістыя або палітычныя пытанні.
  5. Уключыце двухфактарную аўтэнтыфікацыю на ўсіх акаўнтах, дзе гэта магчыма.
  6. Захоўвайце ўзаемадзеянне з падобнымі паведамленнямі (як ад Maria Pulkovskay) — зрабіце скрыншоты, не адказвайце, паведаміце праваабаронцам.
  7. Выключыце функцыю «хто можа знайсці вас па нумары тэлефона» ў наладах Facebook і іншых платформаў.
  8. Карыстайцеся VPN і шыфраванымі месенджарамі (напрыклад, Signal).

Чытайце таксама:

КДБ правёў ператрусы ва ўдзельнікаў апытанняў Беларускай аналітычнай майстэрні

Як плануюць праводзіць люстрацыю ў Беларусі і хто пад яе трапіць? Офіс Ціханоўскай прадставіў канцэпцыю

«Белпол»: Пашпарты прыкрыцця маюць тысячы асобаў. Не ўсе гэтыя агенты распрацоўваюць апазіцыю, у іх могуць быць і іншыя задачы

Каментары да артыкула