Як плануюць праводзіць люстрацыю ў Беларусі і хто пад яе трапіць? Офіс Ціханоўскай прадставіў канцэпцыю
Расказваем асноўнае з канцэпцыі аб люстрацыі. Спойлер: тыя, хто цяпер займае высокія пасады, зможа застацца на іх — пры пэўных умовах.

Офіс Святланы Ціханоўскай распрацаваў канцэпцыю люстрацыі для Беларусі — гэта механізм праверкі дзяржаўных службоўцаў на прадмет удзелу ў рэпрэсіях, парушэннях правоў чалавека або падтрымцы аўтарытарнага рэжыму, з магчымасцю прыняцця мер у дачыненні да тых, хто хлусіў або адмовіўся раскрыць сваё мінулае.
Адпаведна канцэпцыі, усе асобы, якія займаюць або прэтэндуюць на «абароненыя» пасады (што да іх адносіцца — будзе ніжэй), павінны будуць добраахвотна запоўніць дэкларацыю з інфармацыяй аб сваёй дзейнасці ў два перыяды:
савецкі (1919—1991) і постсавецкі (з 29 снежня 1995 года да ўступлення ў сілу закона аб люстрацыі).
«Сэнс люстрацыйнай дэкларацыі не ў тым, каб адхіліць ад працы ўсіх, хто меў дачыненне да мінулага рэжыму, а ў тым, каб даць шанс на супрацоўніцтва тым, хто гатовы шчыра прызнаць сваю дзейнасць і працаваць на карысць новай Беларусі», — адзначаецца ў дакуменце.
Хто будзе праводзіць люстрацыю
Праверкай сапраўднасці звестак будзе займацца Люстрацыйнае бюро Інстытута нацыянальнай памяці Беларусі (ІНПБ).
Калі будзе выяўлена, што чалавек пазначыў ілжывыя звесткі, Бюро складзе афіцыйны дакумент, у якім падрабязна апіша парушэнне. Затым чалавеку будзе накіравана паведамленне з апісаннем сітуацыі, каб ён меў магчымасць ў вызначаны законам тэрмін даць тлумачэнні і прадставіць дадатковыя доказы ў сваю абарону.
Калі тлумачэнні не пацвярджаюць праўдзівасць звестак у дэкларацыі, Люстрацыйнае бюро прыме рашэнне аб забароне займаць абароненыя законам пасады.
Асоба, у дачыненні да якой прынята рашэнне аб люстрацыі, будзе мець права не пагадзіцца з гэтым рашэннем і падаць скаргу ў суд на працягу вызначанага законам тэрміну.
Па выніках праверкі дэкларацыі ІНПБ будзе выдаваць асобе спецыяльны сертыфікат.

Абароненыя законам пасады
У дакуменце прыводзіцца спіс абароненых законам пасадаў, пры прызначэнні на якіх будзе патрабавацца люстрацыйная праверка.
Да іх аднесены:
суддзі, у тым ліку суддзі Канстытуцыйнага Суда і Вярхоўнага Суда;
службовыя асобы пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі;
супрацоўнікі праваахоўных органаў (міліцыя, спецпадраздзяленні МУС, органы пракуратуры, Следчы камітэт і іншыя) і органаў дзяржбяспекі (КДБ, Аператыўна-аналітычны цэнтр);
вышэйшы і сярэдні камандны састаў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь;
службовыя асобы выканаўчай улады;
рэктары, іх намеснікі і дэканы дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў;
кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў, радыёстанцый, газет і інтэрнэт-парталаў, галоўныя рэдактары і рэдактары аддзелаў дзяржаўных СМІ;
члены Цэнтральнай выбарчай камісіі, старшыні, іх намеснікі і сакратары;
тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій,
члены парламента.
Адносна дэпутатаў распрацоўшчыкі канцэпцыі адзначаюць, што люстрацыя звычайна не датычыцца прадстаўнікоў заканадаўчай улады, паколькі гэтыя пасады выбарныя. Але ў выпадку Беларусі парламент і Усебеларускі народны сход не лічацца незалежнымі з-за ўдзелу ў рэпрэсіях і прыняцця антыдэмакратычных законаў.
Таксама ў пераліку знаходзіцца пасада прэзідэнта.
«Люстрацыя пасады прэзідэнта з’яўляецца неабходным крокам для аднаўлення даверу грамадзян да інстытута прэзідэнцтва і дзяржаўнай улады ў цэлым. Без прызнання адказнасці найвышэйшай службовай асобы за мінулыя парушэнні і злоўжыванні ўладай немагчыма пабудаваць прававую дзяржаву і забяспечыць дэмакратычнае развіццё беларускага грамадства», — адзначаецца ў дакуменце.
Люстрацыйную дэкларацыю таксама будуць абавязаны запоўніць усе, хто зойме пасады ў органах, якія ажыццяўляюць працэдуру люстрацыі.
Меры люстрацыйнага ўздзеяння
Пры адсутнасці сертыфіката аб падачы дэкларацыі ў неабходныя тэрміны службовая асоба будзе звольнена з абароненай законам пасады. Калі гэта кандыдат на такую пасаду, то яму адмовяць у прызначэнні.
Наяўнасць сертыфіката аб падачы дэкларацыі будзе падставай, каб працягваць займаць абароненую пасаду.
За прадстаўленне ілжывых звестак у дэкларацыі аб люстрацыі прадугледжваецца забарона на займанне абароненых законам пасадаў на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.
Дакумент таксама прадугледжвае магчымасць накіроўваць асоб, якія падпадаюць пад люстрацыйныя абмежаванні, на абавязковыя праграмы рэабілітацыі і навучання. Іх мэта — «пераасэнсавання імі сваёй ролі ў рэпрэсіўных дзеяннях і фармаванне ў іх новых каштоўнасцяў». Удзел у такіх праграмах можа быць умовай для змякчэння або зняцця некаторых абмежаванняў.
Распрацоўшчыкі дакумента выказваюць упэўненасць, што абраная імі мадэль самадэкларавання дазваляе рэалізаваць асноўную задачу люстрацыі — вызваліць дзяржаўную ўладу ад уплыву тых, хто парушаў правы грамадзянаў і не гатовы гэта прызнаць, даказаўшы сваю лаяльнасць новаму дэмакратычнаму рэжыму.
На погляд аўтараў канцэпцыі, пераўтварэнне ўлады ў Беларусі пройдзе ў тры этапы: спачатку адбудзецца добраахвотнае звальненне тых, хто не гатовы да адкрытасці; затым будуць звольненыя тыя, хто адмовіцца падаваць дэкларацыю; на фінальным этапе незалежныя органы правераць дэкларацыі і выявяць асоб, што схлусілі.
«Люстрацыя не павінна быць інструментам палітычнай расправы, а мусіць стаць часткай комплекснага працэсу рэформаў, скіраваных на пабудову дэмакратычнага грамадства ў Беларусі», — адзначаюць аўтары.
Відавочна, што распрацоўшчыкі канцэпцыі «Люстрацыі для Беларусі» ў якасці ўзору разглядалі польскую мадэль. У Польшчы закон 1997 года патрабаваў, каб асобы, якія займаюць або прэтэндуюць на пералічаныя дзяржаўныя пасады, падавалі дэкларацыю аб сваёй сувязі з камуністычнымі спецслужбамі. Прызнанне не каралася, але за хлусню прадугледжвалася публічнае выкрыццё і 10-гадовая забарона на занятак дзяржаўных пасад. У 1998 годзе быў створаны Інстытут нацыянальнай памяці, у структуры якога дзейнічае Люстрацыйнае бюро.
Каментары
есть реальные проблемы - заниматься помощью полит заключенным, но это же работать надо. легче писульки писать и фантазии выдумывать
Хто і чаму вырашыў " замаўчаць" гэты перыяд?