БЕЛ Ł РУС

«Паўэрбанк зарадзіў, кофту папраў». Хлопец скраў чужыя рэчы, а пасля спалохаўся і вярнуў іх назад

12.06.2025 / 21:21

Nashaniva.com

У Мінску хлопец скраў чужыя рэчы з гардэробу, але пасля спалохаўся і вярнуў іх на месца. Гэта, аднак, не ўратуе яго ад адказнасці, паведаміла мінская міліцыя.

Працаўнік аднаго з прадпрыемстваў пасля змены не далічыўся ў службовай шафе паўэрбанка, навушнікаў і кофты. Самастойна адшукаць іх ён не даў рады, таму звярнуўся ў міліцыю.

Праз некаторы час, аднак, мужчына зноў выйшаў на сувязь з сілавікамі: зніклыя рэчы, маўляў, нечакана з’явіліся на тым самым месцы, а побач была запіска з прабачэннямі.

Супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што рэчы забраў 19-гадовы студэнт, які праходзіў практыку на заводзе. Ён прызнаўся, што забраў чужое, пакарыстаўся рэчамі, але пасля спалохаўся, калі даведаўся, што ідзе праверка, і вярнуў усё на месца, зарадзіўшы паўэрбанк і папраўшы кофту.

Тым не менш, хлопец панясе адказнасць: супраць яго завялі крымінальную справу за крадзеж.

Чытайце таксама:

Татуіроўшчык абрабаваў пункт выдачы заказаў і збег

У Гомелі мужчына дапамог данесці хворага да машыны хуткай дапамогі, а ў працэсе абакраў яго

Бабуля скрала забытую торбу з музычнай апаратурай, каб зрабіць падарунак унуку

Каментары да артыкула