Памёр аршанец Андрэй Корпс — наркаман, які спрабаваў ратаваць ад наркотыкаў іншых
Аршанскі праваабаронца Ігар Казмерчак напісаў у фэйсбуку пра смерць Андрэя Корпса — чалавека, які, апусціўшыся на самае жыццёвае дно, спрабаваў не толькі выплыць на паверхню сам, але і ўратаваць ад паўтарэння сваіх памылак іншых. Яму было ўсяго 44 гады.
Андрэй Корпс у 2019 годзе. Фота: Tut.by
Андрэй Корпс — гэта мянушка вядомага ў Оршы «нефармала-металіста». Андрэй быў адным з самых вядомых у Оршы тусовачных аматараў цяжкага металу — тым, каго называлі «металістамі», піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!»
Корпс палову жыцця ўжываў наркотыкі, правёў 5,5 года ў турме па «прафесійным» артыкуле 328. Пакінуўшы сям’ю, зрабіў з кватэры прытон. Але каля дзесяці гадоў таму вырашыў «завязаць» — казаў, што «Бог з неба пальцам пагразіў».
Пасля таго Андрэй стаў вядомы ў Оршы тым, што самастойна зафарбоўваў наркатычныя графіці на сценах дамоў, гаражоў і пад'ездаў. Ён насіў з сабой фарбу і пэндзаль, каб знішчаць надпісы, якія рэкламуюць інтэрнэт-крамы з наркотыкамі. Для яго гэта была барацьба не толькі з незаконнай рэкламай, але і з самім сабой. Так ён умацоўваў сваю цвярозасць.
Андрэй Корпс за працай. Фота: Tut.by
Андрэй падкрэсліваў, што залежнасць не знікае: «Былых наркаманаў не бывае».
Але яго трымала пры цвярозым жыцці жаданне быць з сям’ёй, асабліва з малодшай дачкой. А зафарбоўванне графіці ён лічыў формай самадысцыпліны і адказнасці перад грамадствам.
Ігар Казмерчак на вестку пра смерць Андрэя Корпса піша:
«Мне шкада, што ты памёр. Я не чакаў гэтага, я не хацеў гэтага. Я думаў, што калі я вярнуся ў Беларусь, то мы з табой рэалізуем шмат якія антынаркатычныя праекты.
Я думаў, што ты, як былы наркаман, рэалізуеш маю ранейшую ідэю: пойдзеш па школах і будзеш расказваць, наколькі наркотыкі кепскія. Ты ж класна мог гэта распавесці з тваім досведам, з тваім жыццём. Прабач, з тваімі сапсаванымі наркотыкамі і турмой зубамі.
Андрэй Корпс за працай. Фота: Tut.by
Я так думаю, бо ты першы ў Оршы, хто пачаў змагацца супраць наркотыкаў на сценах дамоў. Я тады ўвогуле не разумеў, што такое балонамі пішуць. А ты прыйшоў да мяне і сказаў: дай мне балоны. Я, шчыра, не памятаю ці даў табе балоны, ці даў табе пэндзлі і фарбу. Помню, што нешта даў. А што, зараз не памятаю.
А самае смешнае, ты ж пагодзішся, калі ты пачаў хадзіць і зафарбаўваць гэтыя надпісы, што цябе потым цягалі мянты і казалі: на хера ты гэта робіш, хто табе заплаціў?!!!! А я помню, як мы з табой асабіста разважалі. І ты мне тлумачыў: проста нельга, каб людзі наркату ўжывалі.
Памятаю, як цябе яшчэ па палітычным затрымлівалі, бо ты актывіст. Актывіст-адзіночка, але гэтага хапіла. Ну, ці актывіст, знаёмы з Казмерчаком. Што таксама, канешне, злачынства.
Цяпер ты памёр. Мне не падабаецца, як ты памёр. Але за тваю работу тут у Оршы я цябе паважаю і трохі люблю. Не, не трохі, я цябе люблю за тваю работу! Я веру, што ты выратаваў многіх людзей ад наркаты».
Прычыну смерці Андрэя Корпса Ігар Казмерчак не называе.