Хлопца, які ў Лебедзевай бэсціў Еўропу, асудзілі за ўдзел у пратэстах і ўхіленне ад войска
На БТ Арцём Васільеў расказваў пра жахі чакання бежанства і жыцця ў Нідэрландах. Пасля ён выехаў у Расію, а цяпер хутчэй за ўсё за кратамі.
Арцём Васільеў. Фота: скрыншот БТ
Арцёму Васільеву 23 гады. Падобна, што нарадзіўся ён у Наваполацку, але жыў у Віцебску. Вучыўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Вядома таксама, што ён музыка і граў у нейкіх гуртах.
У 2022 годзе, пасля пачатку вайны, Арцём выехаў за мяжу і падаўся на ўцякацтва ў Нідэрландах. Але яму нешта не спадабалася, і праз некалькі месяцаў ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У верасні 2022 года хлопец зняўся ў прапагандысцкім сюжэце журналісткі БТ Ксеніі Лебедзевай. Вось што ён там казаў пра прычыны вяртання:
«Аднаполыя кантакты, наркотыкі — гэта ўсё прапагандуецца, унушаецца людзям. Улады, насельніцтва пераходзяць межы і спрабуюць навязаць табе каштоўнасці.
На ўласным досведзе пераканаўся, што ўсё не такое маляўнічае, як распавядаецца ў сродках масавай інфармацыі. Я пераканаўся, што насамрэч у той краіне, з якой я прыехаў, у якой нарадзіўся і вырас, даволі шмат значных плюсаў, і яна сапраўды знаходзіцца на вяршыні еўрапейскага свету.
Арцём Васільеў. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Мы жывем як незалежны народ з уласным суверэнітэтам, уласнымі законамі, уласнай мовай і культурай. Нам не трэба ні прадукты, ні вопратка, ні жытло — мы ўсё гэта маем. Таксама ў нас ёсць у любы момант перасякаць мяжу і перасякацца з іншымі культурамі, нас ніхто ў гэтым не абмяжоўвае. І я гэта зразумеў, зноў жа, у выніку сваіх прыгодаў, якія адбыліся са мной нядаўна», — казаў Арцём у інтэрв'ю Лебедзевай.
У сюжэце сказана, што галандцы забралі ў Васільева пашпарт. Гэта стандартна для працэдуры чакання бежанства. Аднак хлопец сцвярджаў, што пашпарт яму не хацелі аддаваць, таму, вяртаючыся ў Беларусь, «яму давялося фактычна незаконна перасекчы мяжу». Насамрэч гэта гучыць непраўдападобна — працэдура адмовы ад бежанства даволі простая, а дакумент на вяртанне заўжды можна атрымаць у беларускім пасольстве.
Мяркуючы па ўсім, Арцём праз нейкі час выехаў у Расію — новая старонка Укантакце ў яго прывязаная да расійскага нумара. Васільева затрымалі паміж лістападам 2024-га і красавіком 2025 гадоў. У той час яго выключылі з расійскай базы вышуку.
База вышуку — чырвоная метка значыць, што яго адтуль выключылі
Невядома, калі Арцёма асудзілі, але 13 чэрвеня 2025 года яго дадалі ў міліцэйскі спіс «экстрэмістаў». Там паведамляецца, што ўступіла ў сілу рашэнне Наваполацкага гарадскога суда, які пакараў Васільева па двух артыкулах — «удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «ўхіленне ад прызыву ў армію» (ч. 1 арт. 435 КК). Хлопцу пагражала да трох гадоў калоніі.
Хутчэй за ўсё, Арцёму прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі, але тэарэтычна гэта можа быць і хімія з накіраваннем.
Чытайце таксама:
Гродзенцу далі паўтара года хіміі за ўхіленне ад войска: быў у вышуку, але вярнуўся з-за мяжы
Фінансавы кансультант вярнуўся з-за мяжы. Яму пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцыяў»