Збанкрутавала вядомая сетка фастфуду Döner King
Сетку фастфуду Döner King, якая раней была вельмі папулярная у Мінску, афіцыйна абвясцілі банкрутам. Такое рашэнне прыняў Эканамічны суд Мінска па заяве падатковай інспекцыі, піша Office Life.
Фота ілюстрацыйнае
У найлепшыя гады ў Döner King было каля 20 пунктаў па ўсёй сталіцы. Першы з іх адкрыўся на вуліцы Прытыцкага. У меню, акрамя шаурмы, былі шашлыкі і бургеры. Бізнэс актыўна развіваўся: з 7 устаноў у 2017 годзе да 18 у 2023-м.
Кампанія «Аўтсорсінг Карпарэйшн», якая кіравала сеткай, была створаная ў 2011 годзе двума беларусамі, але пазней яна перайшла пад кантроль грамадзян Арменіі і Турцыі. Таксама ў праект інвеставалі ўладальнікі мясаперапрацоўчага завода «Рыгор і сыны».
Аднак ужо ў пачатку 2024 года сетка фактычна спыніла працу і пачала перадаваць аб’екты іншым кампаніям. Праз некалькі месяцаў было прынята рашэнне аб ліквідацыі кампаніі.
У выніку, як паведамляецца, Döner King мае буйную запазычанасць — звыш 1,47 мільёна рублёў, частка з якіх — пеня. Пры гэтым у кампаніі няма ні маёмасці, ні грошай на рахунках, каб разлічыцца з запазычанасцямі.
Чытайце таксама:
У Мінску гатовыя плаціць 2000 рублёў у месяц за паяданне піцы