Здароўе

Упакоўкі фастфуду і старыя тэфлонавыя патэльні — страшэнная пагроза. Але ў Беларусі іх ніяк не ўтылізуюць. Як берагчыся?

Антыпрыгарныя патэльні, воданепранікальнае адзенне, зубныя ніткі, упакоўка фаст-фуду, нават «экалагічна чыстыя» саломінкі ўтрымліваюць таксічныя хімічныя рэчывы, вядомыя як «вечныя хімікаты». Што трэба ведаць пра гэтыя злучэнні і як абараніць сябе?

PFAS ПФАС
ПФАС шырока выкарыстоўваюцца ў вытворчасці антыпрыгарнага посуду. Фота: Paolo Martinez Photography / YouTube

Пер– і паліфторалкільныя злучэнні (ПФАС), вядомыя як «вечныя хімікаты», — гэта вялікая група з больш чым 14 000 сінтэтычных злучэнняў, якія надзвычай устойлівыя да вады, тлушчаў, высокіх тэмператур і біядэградацыі. Яны выкарыстоўваюцца з 1940-х гадоў дзякуючы сваім унікальным уласцівасцям, але менавіта гэтая ўстойлівасць зрабіла PFAS глабальнай экалагічнай і медыцынскай праблемай.

Адзін з першых і найбольш вядомых прадстаўнікоў — перфторактанавая кіслата (PFOA), што выкарыстоўваецца для вырабу тэфлону — антыпрыгарнага пакрыцця для посуду. Іншае вядомае злучэнне — перфторактансульфонавая кіслата (PFOS) — знайшла прымяненне ў пажарных пенах, якія тушаць гаручыя вадкасці, у воданепранікальных пакрыццях для тканін і ўпакоўцы фаст-фуду.

З цягам часу на змену PFOS прыйшла перфторгексансульфонавая кіслата (PFHxS), што выкарыстоўваецца ў тэкстылі, электроніцы і ачышчальных сродках. Пэўныя тыпы ПФАС і цяпер шырока выкарыстоўваюцца ў касметыцы, змазках, спецыялізаваных фарбах, паўправадніковай прамысловасці і медыцынскім абсталяванні — паўсюль, дзе патрабуецца гідра-, тлушча– і тэрмаўстойлівасць.

Аснова хімічнай стабільнасці ПФАС — моцная сувязь паміж атамамі вугляроду і фтору, якая перашкаджае натуральнаму распаду. Менавіта гэта прывяло да іх назапашвання ў прыродзе і жывых арганізмах.

Уздзеянне ПФАС на жывёл і людзей

На сёння ПФАС былі выяўленыя ў пітной вадзе, глебе і паветры. Паводле Еўрапейскага экалагічнага агенцтва, гэтыя рэчывы звязваюцца з ракавымі захворваннямі, парушэннямі рэпрадуктыўнай і імуннай сістэм, гарманальнымі збоямі і метабалічнымі разладамі.

Даследаванне на рацэ Кейп-Фір у Паўночнай Караліне ў 2022 годзе паказала, што ўсе 75 пратэставаных амерыканскіх алігатараў (ахоўны від) мелі PFAS у сываратцы крыві. Навукоўцы звязалі гэта з парушэннямі імунных функцый і хваробамі аўтаімуннага тыпу.

Чаму ПФАС дагэтуль выкарыстоўваюцца?

Нягледзячы на ўсе рызыкі, ПФАС працягваюць шырока выкарыстоўвацца. Прычына — адсутнасць танных і эфектыўных альтэрнатыў, а таксама актыўнае лабіраванне інтарэсаў вытворцаў. Напрыклад, французская кампанія SEB, якая валодае брэндамі Tefal, Rowenta і Moulinex, актыўна выступае супраць абмежаванняў на PFAS, заяўляючы пра эканамічныя страты і тэхналагічныя цяжкасці.

Як свет змагаецца з ПФАС?

ЕС — адзін з лідараў у барацьбе з PFAS. У межах Стакгольмскай канвенцыі аб устойлівых арганічных забруджвальніках забароненыя: PFOS (з 2009 года), PFOA (з 2019 года), PFHxS (з 2022 года).

У 2023 годзе Данія, Германія, Нідэрланды, Нарвегія і Швецыя падалі ў Еўрапейскае хімічнае агенцтва прапанову аб універсальным абмежаванні ўсіх ПФАС. Разглядалася поўная забарона іх выкарыстання: у бытавых таварах з 2025 года; ва ўсіх сферах прамысловасці з 2030 года. Аднак ціск прамысловых лабістаў замаруджвае прыняцце рашэнняў.

Францыя

У лютым 2025 года Нацыянальная асамблея Францыі прыняла закон, які забараняе з 1 студзеня 2026 года вытворчасць і продаж касметыкі, тэкстыльнай вопраткі і абутку, сродкаў для іх воданепранікальнай апрацоўкі, а таксама воску для лыж, якія ўтрымліваюць ПФАС вышэй дазволенай канцэнтрацыі.

З 1 студзеня 2030 года забарона ахопіць усе тэкстыльныя вырабы, за выключэннем тых, што выкарыстоўваюцца для забеспячэння функцый дзяржаўнага суверэнітэту і для якіх не існуе тэхналагічна або эканамічна даступных альтэрнатыў.

Пад ціскам вытворцаў антыпрыгарнае пакрыццё для посуду было выключана з дакумента.

ЗША

У шэрагу штатаў ЗША забароненыя ПФАС у харчовай упакоўцы і пажарных пенах. Актыўна распрацоўваюцца тэхналогіі ачысткі вады з дапамогай іонаабменных смолаў і актываванага вугалю.

Кітай і іншыя краіны

У Кітаі і некаторых іншых краінах праводзіцца маніторынг ПФАС у глебе і вадзе, але строгія забароны пакуль адсутнічаюць.

Сітуацыя ў Беларусі

Беларусь падпісала Стакгольмскую канвенцыю — але яна пакрывае толькі асобныя ПФАС, а не ўсю групу.

З 1 сакавіка 2025 года ў краіне ўступіў у сілу тэхнічны кодэкс замацаванай практыкі, які рэгламентуе парадак абыходжання з адкідамі (выяўленне, збор, захоўванне, перавозку, абясшкоджванне і захаванне), якія змяшчаюць перфтараваныя і поліфтараваныя злучэнні ў адпаведнасці з пералікам Стакгольмскай канвенцыі.

Распрацоўшчыкам выступіў Інстытут прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Кодэкс утрымлівае падрабязны пералік адкідаў, якія могуць утрымліваць ПФАС, адзначаецца неабходнасць увядзення сістэм іх раздзельнага збору, захавання, маркіроўкі, інфармавання і навучання персаналу абыходжанню з такімі адкідамі.

Аднак ён тычыцца толькі юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. У краіне пакуль не створана сістэма збору бытавых адходаў, якія ўтрымліваюць гэтыя небяспечныя рэчывы, па прыкладзе пунктаў збору старых энергазберагальных лямпачак, батарэек, электронных адкідаў, шын, акумулятараў ці лекаў.

Адсутнічаюць даныя пра маштабы выкарыстання ПФАС, канцэнтрацыі гэтых рэчываў у прыродзе. Не праводзіцца ніякай асветнай працы з насельніцтвам.

У той жа час кампаніі прапануюць паслугі па нанясенні і аднаўленні тэфлонавых пакрыццяў.

Што могуць зрабіць спажыўцы?

Нават без дзяржаўных захадаў спажыўцы могуць знізіць рызыку:

• Выбірайце посуд без ПФАС

Купляйце патэльні і каструлі з керамічным пакрыццём, з нержавеючай сталі або чыгуну. Яны не ўтрымліваюць PFOA. Не пашкоджвайце пакрыццё — менавіта яно можа выдзяляць ПФАС і мікрапластык.

• Перад купляй правярайце маркіроўку

Шукайце «PFAS free» або «без PFOA». Калі такіх звестак няма — спытайце прадаўца або аддавайце перавагу посуду без антыпрыгарнага слою.

Пазбягайце воданепранікальных тканін і спецыяльных ахоўных пакрыццяў,

асабліва тых, што маюць антыплямныя, тлушчаадпорныя або водаадпорныя ўласцівасці. Пры выбары тавараў для дзяцей або для частага выкарыстання варта аддаваць перавагу натуральным матэрыялам без хімічнай апрацоўкі, як, напрыклад, бавоўна, лён ці воўна. Такі выбар скарачае штодзённы кантакт з небяспечнымі злучэннямі і зніжае агульнае хімічнае ўздзеянне на арганізм.

• Старайцеся радзей ужываць фаст-фуд і ежу на вынас,

бо ўпакоўка для такой прадукцыі — скрынкі для бургераў, пакеты для папкорну, кантэйнеры для фрытак утрымліваюць ПФАС.

• Правярайце склад касметыкі,

асабліва — антыўзроставыя крэмы, зубныя ніткі, водатрывалы макіяж. Шукайце прадукты з пазнакай «PFAS-Free» або натуральныя альтэрнатывы.

• Фільтруйце ваду.

Выкарыстоўвайце фільтры з актываваным вугалем або іонаабменнымі смоламі. Яны не выдаляюць усе ПФАС, але значна зніжаюць узровень PFOA і PFOS. Своечасова мяняйце фільтры.

ПФАС — нябачны, але вельмі рэальны выклік. Ва ўмовах, калі сістэма абароны спажыўцоў адсутнічае, нам застаецца самастойна клапаціцца пра ўласную бяспеку.

Як кажуць: «Прачытай і перадай іншаму!»

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп паведаміў, што ў панядзелак будзе гаварыць з Пуціным13

Трамп паведаміў, што ў панядзелак будзе гаварыць з Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

Сталі вядомыя ўсе ўльтыматыўныя патрабаванні Расіі на перамовах у Стамбуле11

Хадзі Матара, які некалькі разоў ударыў нажом пісьменніка Салмана Рушдзі, асудзілі на 25 гадоў

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду22

«Калі вы зможаце пакінуць Швейцарыю?» — «Ніколі». Сталі вядомыя новыя факты пра апошні перыяд жыцця Магдалены Радзівіл3

У Швецыі знайшлі мёртвым дыпламата, якога раней арыштавалі па падазрэнні ў шпіянажы

Туск пасля размовы з Трампам: Нас чакаюць вельмі цяжкія дні3

Беларусы, якія робяць шэнгенскія візы праз Іспанію, сутыкнуліся з праблемай

«Каўбасныя *опы». Беларус паказаў у тыктоку незвычайны тавар ад Брэсцкага мясакамбіната3

Праўладная блогерка з Барысава папрасіла падпісчыкаў падзяліцца праблемнымі пытаннямі. І ёй іх накідалі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паведаміў, што ў панядзелак будзе гаварыць з Пуціным13

Трамп паведаміў, што ў панядзелак будзе гаварыць з Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць