Прарасійскія надпісы на целе ўкраінскага вайскоўца выразаў хірург падчас аперацыі
Украінскі вайсковец Андрэй, які больш за 15 месяцаў таму трапіў у палон да расіян з цяжкім раненнем у вобласці паху, пасля аперацыі ў расійскім шпіталі прачнуўся з выпаленымі на жываце надпісамі «Слава России» і літарай Z. Украінскія спецыялісты мяркуюць, што гэта было зроблена хірургам, які праводзіў аперацыю, піша «Суспільне».
Паводле слоў кіраўніка рэабілітацыйнай праграмы «Неопалимі» Максіма Туркевіча, гэтыя надпісы, хутчэй за ўсё, зрабіў расійскі хірург падчас аперацыі, пакуль ваяр быў пад агульнай анестэзіяй.
Надпісы выкананыя з дапамогай медыцынскага электракаагулятара, а не бытавымі сродкамі.
Цяпер Андрэй знаходзіцца ў львоўскім шпіталі і праходзіць курс лячэння і рэабілітацыі. Яму ўжо зрабілі першую ін’екцыю полінуклеатыдаў для аднаўлення скуры. У найбліжэйшыя тыдні будуць працягвацца працэдуры, а прыкладна праз паўгода плануецца выкарыстанне лазернага лячэння, каб выдаліць гэтыя шнары.
Туркевіч адзначае, што цалкам вывесці надпіс магчыма, хоць дакладны тэрмін залежыць ад асаблівасцяў гаення.
«Адназначна казаць нешта наперад — вельмі складана. Тое, што там можна будзе зрабіць адчувальны прагрэс — гэта дакладна. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб яго звесці да нуля. Я думаю, рана ці позна яго ўдасца да нуля звесці. Ключавое пытанне хутчэй у тым, колькі гэта можа заняць часу. Я думаю, што мы выйдзем на сур'ёзны вынік, калі ўжо будзе практычна незаўважны гэты надпіс, месяцаў праз 6».
Чытайце таксама:
Расіяне выразалі на целе ўкраінскага палоннага словы «Слава Расіі»
Прайшоў другі этап расійска-ўкраінскага абмену ваеннапалоннымі. Абмянялі і аднаго беларуса