БЕЛ Ł РУС

У Магілёве пасля прапагандысцкай кампаніі за будаўніцтва царквы ў ахоўнай зоне лесапарку выявілася, што будаваць яе нельга

22.06.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Магілёўцаў пераконвалі ва ўсеагульнай падтрымцы будаўніцтва праваслаўнага храма менавіта ў гэтым месцы і марных асцярогах за любімы гараджанамі лесапарк. Цяпер чыноўнікі вымушаны былі прызнаць, што будаўніцтва ў гэтым месцы парушае закон. 

Царква Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы і дом кліру, якія плануюць пабудаваць на частцы ахоўнай зоны Пячэрскага лесапарку. Рэндар з матэрыялаў грамадскага абмеркавання

У канцы красавіка — пачатку мая 2025 года ў Магілёве праходзіла грамадскае абмеркаванне будаўніцтва цэлага комплексу праваслаўнага храма Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы па вуліцы Якубоўскага, які вырашылі размясціць наўпрост на тэрыторыі Пячэрскага лесапарку, аднаго з нешматлікіх месцаў адпачынку ў горадзе. 

У канцэпцыі, вынесенай на абмеркаванне, быў праігнараваны той факт, што гэтая тэрыторыя густа засаджаная дрэвамі і ўваходзіць у ахоўную зону батанічнага заказніка.

У гэтым месцы з 2021 года забаронена высечка дрэваў — дуба чарэшчатага, бука, клёна вастралістага, вяза (ільма, бераста), ясеня звычайнага, ліпы, дугласіі (псеўдатсугі).

Мясцовыя жыхары спрабавалі збіраць подпісы супраць, але чыноўнікі іх ігнаравалі, а зборшчыкаў выклікалі на размовы ў міліцыю. Паралельна ў дзяржаўных медыя развярнулася кампанія за будаўніцтва царквы ў гэтым месцы.

Храмавы комплекс на рагу вуліцы Якубоўскага і безыменнага праезда. Рэндар з матэрыялаў грамадскага абмеркавання

Месца, дзе плануюць пабудаваць храм, шчыльна засаджана дрэвамі, хоць у дзяржаўнай прэсе яго чамусьці называюць «пусткай». Фота: Яндэкс Карты

З экранаў тэлевізараў магілёўцам даказвалі, што будаўніцтва ініцыявана імі самімі, што храм пабудуюць на «пустцы», а прадстаўнік «Магілёўзелянбуда» пераконваў, што гэтая пляцоўка «ніякага дачынення да тэрыторыі Пячэрскага лесапарку не мае».

Усё гэта не адпавядала рэчаіснасці. Нягледзячы на гэта 19 мая 2025 года архітэктурна-горадабудаўнічая рада з невялікай большасцю галасоў, далёкай ад аднадушша, якое транслявала дзяржаўная прэса, дазволіла будаўніцтва храма ў гэтым месцы.

Цяпер, праз месяц пасля гэтага рашэння, самі чыноўнікі пацвердзілі, што будаваць у гэтым месцы нельга.

Адказ чыноўнікаў пра немагчымасць будаўніцтва храма ў гэтым месцы. Фота: Могилев Live

Пасля звароту актывістаў прадстаўнікі Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Магілёўскай гарадской раённай інспекцыі абследавалі 17 чэрвеня тэрыторыю, дзе плануюць пабудаваць царкву. 

Чыноўнікі выявілі, што там сапраўды растуць дрэвы такіх парод, як дуб чарэшчаты, клён вастралісты, ясень звычайны і ліпа — выдаленне якіх забаронена ў межах ахоўнай зоны заказніка мясцовага значэння «Пячэрскі».

Пасля гэтага абласны камітэт звярнуўся да Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскага гарвыканкама, каб тыя падшукалі для будаўніцтва царквы іншае месца.

Гэта зусім не азначае, што царква ў лесапарку не з'явіцца. Верагодна, улады могуць пайсці на змяненне межаў ахоўнай зоны — падобнае ўжо рабілі, каб пабудаваць новы корпус абласной бальніцы.

Чытайце таксама:

«Храм — гэта і бальніца, і школа!» У Магілёве сабралі сотні подпісаў супраць будаўніцтва царквы ў Пячэрскім лесапарку

У Магілёве высекуць ахоўную частку Пячэрскага лесапарку, каб пабудаваць царкву

Пад Магілёвам зносяць недабудаваны храм, які абаранялі расійскія чарнасоценцы

Каментары да артыкула