«Храм — гэта і бальніца, і школа!» У Магілёве сабралі сотні подпісаў супраць будаўніцтва царквы ў Пячэрскім лесапарку
Аднак чыноўнікі зрабілі выгляд, што іх не было. На тых, хто збіраў подпісы супраць, выклікалі міліцыю, а дзяржаўныя тэлеканалы пераконвалі, што будаўніцтва ініцыявалі жыхары горада, хоць самі яны пра тыя тысячы подпісаў, якія быццам бы сабраныя ў падтрымку праекта, нічога не чулі.

У Магілёве з 25 красавіка па 9 мая праходзіла грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі храма Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы па вуліцы Якубоўскага. Па яго выніках, якія выглядаюць досыць спрэчна, мясцовыя ўлады дазволілі будаўніцтва.
Комплекс, які ўключае сам храм, дом кліру, гаспадарчы блок і паркоўку для вернікаў, нечакана для мясцовых жыхароў вырашылі размясціць наўпрост на тэрыторыі Пячэрскага лесапарку, аднаго з нешматлікіх месцаў адпачынку ў Магілёве.
Тэрыторыя, на якой прапанавана пабудаваць царкву, густа засаджана дрэвамі, якія будуць спілаваныя ў час будаўніцтва, і ўваходзіць ў ахоўную зону батанічнага заказніка, абвешчанага ў 2021 годзе ў Пячэрску. Пры гэтым у канцэпцыі, вынесенай на абмеркаванне, пра гэта не згадвалася.

Відаць, заказчыкі і мясцовыя ўлады хацелі, каб такая адчувальная інфармацыя не была заўважана гараджанамі да завяршэння грамадскага абмеркавання, дый яго даты выбраны былі так, што выпадалі на доўгія майскія святы, калі людзі з'язджаюць на адпачынак.
Але яна была заўважана мясцовымі жыхарамі. Многія са здзіўленнем даведаліся, што за будаўніцтва царквы ў гэтым месцы епархіяй ужо сабрана тысяча подпісаў нейкіх магілёўцаў.
Абураныя такім нахабствам царкоўнікаў, жыхары за кароткі тэрмін сабралі каля 500 подпісаў супраць. Пасля 7 мая, перад самым завяршэннем абмеркавання, людзей, якія збіралі подпісы супраць храма, пачалі выклікаць у РАУС, дзе тлумачылі, што гэта супрацьзаконна.

На прэзентацыі праекта, якая адбылася 30 красавіка ў гарвыканкаме, заяўлялі, што насамрэч гэта ніякі не лес, а «бамжатнік» і «буралом», а перазвон «станоўча ўплывае на чалавека».
Уся рыторыка грунтавалася на беспадстаўных заявах пра нібыта просьбы тысячы жыхароў раёна, якія ўгаворваюць пабудаваць царкву менавіта на месцы маладога лесу.
16 мая на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 4» выйшаў рэпартаж, у якім заяўлялася, быццам бы будаўніцтва было ініцыявана ў гэтым месцы самімі жыхарамі, якія звярнуліся з такой прапановай у епархію.

У рэпартажы пераконвалі, што храм пабудуюць на «пустцы» — у кадры сапраўды з'яўлялася бязлесая паляна.
Храм, калі супаставіць планы са спадарожнікавымі здымкамі, сапраўды размяшчаецца на паказанай паляне, але ў комплекс уваходзяць іншыя пабудовы, паркоўкі і шырокая выбрукаваная пляцоўка для крыжовых хадоў, на месцы якіх цяпер сядзіць лес.

Усе паказаныя ў рэпартажы людзі, натуральна, выступаюць за будаўніцтва храма, нікога супраць быццам бы і няма. Адзін нават незадаволены тым, хто іншыя магілёўцы хочуць школу ці бальніцу, а не чарговую царкву.
«Людзі не разумеюць, што храм — гэта і ёсць бальніца! Храм — гэта і ёсць школа!» — заяўляе мужчына.

Намеснік дырэктара «Магілёўзелянбуда» Васіль Геневіч у кадры заяўляе, што гэтая пляцоўка «ніякага дачынення да тэрыторыі Пячэрскага лесапарку не мае» — гэта таксама хлусня. Паводле рашэння аб стварэнні на тэрыторыі Пячэрскага лесапарку заказніка, гэтая тэрыторыя ўваходзіць у яго ахоўную зону, дзе забаронена высечка дрэваў — дуба чарэшчатага, бука, клёна вастралістага, вяза (ільма, бераста), ясеня звычайнага, ліпы, дугласіі (псеўдатсугі).
У сацыяльных сетках, аднак, пад публікацыямі пра праект будаўніцтва царквы цяжка знайсці хоць які-небудзь каментарый у яго падтрымку, абсалютная большасць — гнеўныя ці незадаволеныя каментары.
19 мая ў гарвыканаме прайшло пасяджэнне архітэктурна-горадабудаўнічай рады па гэтым праекце. Як выявілася, чыноўнікі прынялі толькі 180 зваротаў супраць будаўніцтва храма,
не прыняўшы да ўвагі больш за 300 подпісаў, сабраных ад жыхароў суседніх дамоў. Затое колькасць подпісаў за будаўніцтва храма за гэты час цудоўным чынам вырасла да некалькі тысяч.
Галоўны інжынер фірмы «Кансалтынг-строй», якая праектуе царкву, заявіў на радзе, што яны ўпэўнены, што іхні храм «стане такой жа разынкай Магілёва, як Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі».

Рада большасцю галасоў дазволіла будаўніцтва храма ў гэтым месцы.
Зрэшты, таго аднадушша ў гэтым пытанні, якое імкнуліся паказаць гараджанам са старонак дзяржаўнай прэсы і перадач на тэлебачанні, не атрымалася — перавага склала ўсяго адзін голас.
Толькі 6 з 11 членаў рады прагаласавалі за будаўніцтва храма, пры тым прынамсі палова з іх — лукашэнкаўскія чыноўнікі з адпаведнымі значкамі на лацкане.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары