Праўладны аналітык Шпакоўскі спрабуе патлумачыць, што хацеў Лукашэнка ад ЗША
«Падзеі, якія адбыліся, варта ўспрымаць абсалютна спакойна».
Аляксандр Шпакоўскі. Скрыншот БТ
Праўладны аналітык Аляксандр Шпакоўскі выказаўся наконт вызвалення 14 палітвязняў, якое адбылося ў выніку візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіта Келога.
«Падзеі, якія адбыліся, варта ўспрымаць абсалютна спакойна. Кантакты рознага ўзроўню ажыццяўляліся досыць даўно, цяпер грамадства бачыць іх публічныя вынікі», — выступіў у тэлеграм-канале Шпакоўскі.
Што ад вызвалення палітвязняў і перадачы іх амерыканцам атрымаў Лукашэнка, праўладны аналітык апісвае абстрактна:
«Беларускі бок таксама мае шэраг мэтаў цалкам прагматычнага характару, якія павінны быць дасягнутыя з прычыны перамоваў з ЗША. Акрамя таго, ёсць яшчэ ўкраінская праблематыка, дзе, відавочна, павінны быць улічаныя беларускія інтарэсы ў рамках патэнцыйнага кампрамісу.
Пры гэтым у Мінску разумеюць, што ў Вашынгтона ёсць доўгатэрміновыя палітычныя амбіцыі, у тым ліку на кірунку нашай краіны. Не жадаючы канфрантацыі з Захадам і ў прыватнасці з ЗША, Беларусь тым не менш ні на ёту не мае намеру паступацца суверэнітэтам у галіне ўнутранай палітыкі і міжнароднымі абавязацельствамі ў дачыненні да саюзнікаў Мінска».
Сваіх паплечнікаў, якія баяцца выхаду праціўнікаў рэжыму на волю, Шпакоўскі супакойвае:
«Калі наша грамадства сапраўды з'яўляецца згуртаваным, арганізаваным, ідэйным, патрыятычныя СМІ накіроўваюць інфармацыйны парадак дня, а праваахоўны блок эфектыўна абараняе бяспеку дзяржавы, то мы нават не заўважым камарыных укусаў ад чарговых «збеглых», якія папоўнілі сонм зласлівых палітычных эмігрантаў».